Skip to main content

Біскуп Аляксандр Кашкевіч узначаліў адпустовую ўрачыстасць у Вялікай Бераставіцы

berestowica 3

6 жніўня парафія ў Вялікай Бераставіцы адзначала адпустовую ўрачыстасць Перамянення Пана. Святую Імшу ў парафіяльным касцёле ўзначаліў біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч.

На літургіі прысутнічала шмат вернікаў, a таксама духавенства Бераставіцкага дэканату. Біскуп цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае парафію.

У гаміліі іерарх сказаў: “Перамяненне Пана нагадвае нам, што мы носім у сабе велізарны патэнцыял дабра і прыгажосці”. “Калі мы дазволім Хрысту перамяніць сваёй ласкай нашы сэрцы, калі паяднаемся з Богам і бліжнім – спазнаем цуд перамянення і ўбачым праўдзівыя “Божыя вобраз і падабенства”, якія носім у сабе”, – заўважыў біскуп.

Каб патлумачыць сэнс таямніцы перамянення, ён прывёў прыклад дыямента – аднаго з найдаражэйшых каштоўных камянёў.

“З пункту гледжання свайго хімічнага складу гэта звычайны вугаль, як той, якім паляць у печках і катлах. Калі дыямент ляжыць у зямных глыбінях, у спрадвечнай цемры, там, дзе пануе змрок і куды не дасягае нават самы маленькі промень святла, ён нічым не адрозніваецца ад вугалю. Але калі яго дастаюць з цёмных глыбіняў зямлі, калі ён становіцца ўмела адшліфаваны, калі на яго ўпадзе промень сонца, яго роўна выкладзеныя крышталікі так праламляюць і адбіваюць святло, што дыямент захапляе ўсіх сваёй незвычайнай прыгажосцю.

berestowica 2

У пэўным сэнсе, калі звычайная матэрыя, вельмі прыземленая і празаічная, як вугаль, становіцца злучанай са сваёй супрацьлегласцю – святлом і яго энергіяй, – нашым вачам адкрываецца надзвычайная прыгажосць, якая раней не была бачная”, – сказаў біскуп.

“Свята Перамянення Пана – прадказанне таго, што калісьці ўвесь гэты свет, які мы ведаем, будзе пераменены, а найперш будзем пераменены мы самі, – патлумачыў іерарх. – Калі настануць новае неба і новая зямля, аб якіх кажа Святое Пісанне, тады тое, што сёння слабае, крохкае і недасканалае, набудзе новае, няўяўнае ззянне. Сапраўднае дабро і прыгажосць, лад і гармонія, усё тое, аб чым мы марым і па чым сумуем, стануць рэчаіснасцю. Споўняцца словы святога апостала Паўла: “Чаго вока не бачыла, і вуха не чула, і не спазнала сэрца чалавека, тое Бог падрыхтаваў тым, хто любіць Яго” (1Кар 2, 9)”.

“Таму пойдзем ужо сёння з верай і даверам за Хрыстом шляхамі штодзённасці, не будзем баяцца цяжкасцяў і высілкаў, нават пакутаў і крыжа, каб неспасціжная і вечная радасць, якую Пан Бог абяцаў сваім верным слугам, стала калісьці і нашым удзелам”, – заахвоціў біскуп.

У канцы Імшы пробашч парафіі а. Вальдэмар Слота CSsR падзякаваў усім прысутным за ўдзел і супольную малітву ў гэты важны для парафіі дзень. Завяршылася святкаванне эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі