Skip to main content

Дзённік удзельніка пілігрымкі на Юбілей моладзі ў Рыме. Дзень чацвёрты

den4rim 1

Моладзь Гродзенскай дыяцэзіі пілігрымуе на святкаванне Юбілею моладзі, якое адбудзецца ў Рыме з 28 ліпеня па 3 жніўня.

Дзень чацвёрты, 28 ліпеня 2025 г.

Сёння раніцай я прачнулася ад здзіўлення: чаму я еду ў цягніку? Адкрыўшы вочы, некалькі секунд глядзела ў паўзмрок і не магла зразумець, дзе знаходжуся.

З часам усвядоміла: я ў гатэлі ў Фларэнцыі, а не ў цягніку, шуміць кандыцыянер, які звар’яцеў. На шчасце, нам удалося пераканаць яго суцішыцца і яшчэ ненадоўга заснуць.

***

Сняданак быў досыць сумбурны: усе нашы амаль 120 чалавек стоўпіліся ў адной чарзе, адоленыя жаданнем як мага хутчэй здаволіць ранішні голад. З-за гэтага працэс ішоў вельмі павольна, бо не кожны адразу мог вызначыцца, чаго іменна з усяго багацця прадстаўленых страў ён хоча больш за ўсё. Але, на шчасце, усім усяго хапіла і сытыя ды задаволеныя мы пабрылі за сваімі чамаданамі.

З гатэлем расставаліся не без суму, бо, хутчэй за ўсё, такія выгоды нас чакаюць няхутка...

den4rim 3

***

Дарога ў Рым хутка прывяла нас да мэты. Праўда, пакуль ехалі, пачалася навальніца і лінуў лівень. Але ён выдатна астудзіў паветра.

Нас прывезлі да самага месца начлегу. Вось гэта шчасце!!! Бо настройваліся на тое, што прыйдзецца дабірацца на метро.

І галоўная інтрыга дня: дык дзе ж мы жывём і ў якіх умовах?..

***

Нас прывялі ў тэатральную залу пры парафіі св. Рамана і размясцілі ў адным памяшканні: хлопцы на сцэне, дзяўчаты па ўсім астатнім перыметры. На шчасце, у нас ёсць нават душавыя!!! А значыць, усё вельмі добра!

***

Імша ў нас у парафіі. Пробашч парафіі распавёў пра сімволіку мазаікі ў галоўным алтары і гісторыю святога заступніка храма. Мне вельмі адгукнулася, што карціна напоўнена сімвалізмам. Самым кранальным я б назвала тое, што Марыя там глядзіць не на Сына, а на святара, нібы жадаючы ахінуць яго сваёй мацярынскай апекай.

den4rim 2

***

Увечары мы адправіліся знаёміцца з горадам. Метро блізка, да цэнтра таксама недалёка. Калізей знайшлі хутка. І нешта ўнутры ўсё ж ёкнула ад радасці. Але, ідучы па вуліцах, мы ўсё неяк не верылі, што сапраўды ў Рыме.

Прагулка была настолькі прыемнай, што дайшлі да Ватыкана.

І так па дарозе ўмудрыліся сустрэць многіх нашых.

***

Перад сном аказалася, што нам трэба яшчэ зарэгістраваць свае ваўчары на ежу. Але сайт завіс і не рэагуе! А што, калі нічога не атрымаецца?..

Вось, нарэшце, атрымалася! Галоднымі не застанёмся!

***

Заснуць, нягледзячы на план ранняга пад’ёму, хутка не ўдалося. Многія вярнуліся пасля прызначанай гадзіны і яшчэ доўга спрабавалі прывесці сябе ў парадак.

Зараз палова першай ночы, і ў нас тры з паловай гадзіны да будзільніка... Мабыць, пара спаць…

Вікторыя Сідар