Skip to main content

На Астравеччыне прайшла з удзелам біскупам Гродзенскага ўрачыстасць на крыніцы святога Якуба

dajlidki 13

26 ліпеня ў вёсцы Тракелі, якая адносіцца да парафіі Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дайлідках (Астравецкі дэканат), адбылася ўрачыстасць на крыніцы святога Якуба.

Святкаванне ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, які наведаў гэтую парафію і тракельскую крыніцу ўпершыню. Ва ўрачыстасці ўдзельнічалі каля 400 вернікаў розных парафій, святары Астравецкага, Смаргонскага, Ашмянскага дэканатаў, а таксама з Мінска, Гродна і Ліды. На літургіі служылі міністранты варнянскай, лідскай, астравецкай і дайлідскай парафій, грала і спявала арганістка дайлідскай парафіі Інга Купрэвіч.

Біскуп маліўся на Імшы за дайлідскую парафію, яе пробашча кс. каноніка Алега Шпеня і ва ўсіх інтэнцыях прысутных. У пачатку літургіі іерарх, нагадваючы пра Юбілейны год, які праходзіць у Касцёле, і яго дэвіз “Пілігрымы надзеі”, заўважыў: “Каб быць пілігрымамі надзеі, трэба быць людзьмі малітвы, Эўхарыстыі, даверу да Бога”. Біскуп заахвоціў сказаць Богу, як апостал Якуб: “Пане, я іду за Табою!” – і, “нават калі дарога будзе цяжкай, калі прыйдуць сумневы або цемра, ісці – бо Хрыстус ідзе перад намі”.

У гаміліі пастыр Касцёла на Гродзеншчыне сказаў, што крыніцу святога Якуба ў Тракелях можна назваць вытокам пілігрымкі, якая вядзе ў Сант’яга-дэ-Кампастэла ў Іспаніі, дзе спачываюць рэліквіі гэтага апостала, – такім чынам, “гэтае месца, хоць і схаванае ў цішыні беларускіх лясоў і палёў, з’яўляецца часткай вялікага шляху пілігрымаў, які яднае нас з хрысціянамі Еўропы і ўсяго свету”. Біскуп адзначыў, што Якуб быў адным з бліжэйшых вучняў Хрыста, сведкам Яго праслаўлення на гары Перамянення, чалавекам дзеяння і адвагі, першым сярод апосталаў, які аддаў жыццё за свайго Настаўніка.

Зноў згадваючы пра дэвіз Юбілейнага года, іерарх падкрэсліў: “Пілігрымы – гэта тыя, хто не замыкаецца ў сабе, а крочыць наперад, нават калі шлях стромкі і складаны. Надзея – гэта святло, якое асвятляе дарогу, нават калі навокал змрок. Заўважце, як часта ў жыцці мы адчуваем сябе стомленымі, згубленымі, без сіл і без адказаў. Як часта ў сэрцы нараджаецца страх перад будучыняй. Але менавіта тады надзея становіцца для нас як вада з гэтай крыніцы: прахалодная, жывая, ачышчальная. Надзея – гэта не пустая мара. Гэта ўпэўненасць, што Бог нас не пакіне, што Ён ідзе з намі”.

dajlidki 4

“Калі ты сёння стаміўся, калі не бачыш сэнсу – значыць, ты прыйшоў у патрэбнае месца, – заўважыў біскуп, кажучы пра крыніцу святога Якуба. – Бо Якуб, як і ўсе пілігрымы, добра ведаў: сэнс адкрываецца не спачатку, а ў дарозе. Сэнс адкрываецца, калі ідзеш. Калі не здаешся. Калі з кожным днём давяраеш Богу ўсё глыбей і мацней. Можа, твой асабісты Сант’яга – гэта не горад у Іспаніі. Можа, гэта мэта, да якой ты ідзеш у сэрцы: паяднанне з роднымі, перамога над залежнасцю, прабачэнне самога сябе, адкрытасць на пакліканне, супакой у сям’і, вяртанне да малітвы… Кожны мае свой маршрут. Але сэнс не ў мапе, а ў напрамку. І гэты напрамак паказвае нам Хрыстус”.

Па словах біскупа, Юбілейны год – “магчымасць адкрыць, што я не адзін, што Касцёл – мая супольнасць, што Бог – мой Спадарожнік, што надзея – мая сіла”. “Кожная пілігрымка патрабуе пэўнага стаўлення: адкрытасці, простасці, гатоўнасці пакінуць тое, што непатрэбнае. У Юбілейны год мы асабліва пакліканы да навяртання, да споведзі, да змены жыцця. Бог патрабуе ад нас не дасканаласці, а шчырасці. Ён чакае не нашых заслуг, а нашага сэрца”, – дадаў іерарх.

Нагадваючы пра звесткі з жыцця апостала Якуба, якія можна знайсці ў Святым Пісанні, біскуп сказаў: “Калісьці Якуб пакінуў лодку і пайшоў за Хрыстом. А ты? Што ты сёння гатовы пакінуць? Стары боль? Грэх? Страх? Самоту? Пачуццё віны? Недавер? Ідзі за Хрыстом. Ён чакае цябе не толькі ў канцы дарогі, але і на кожным кроку”.

“Мы прыйшлі да гэтай крыніцы, каб напіцца. Але ці толькі вадой зямной? Не. Мы адчуваем смагу больш глыбокую – смагу надзеі, прабачэння, адвагі, сэнсу. Гэтая смага – знак таго, што Бог яшчэ працуе ў нас. Што мы яшчэ не згубілі жаданне жыць, маліцца, любіць, верыць”, – адзначыў біскуп.

Ён заахвоціў удзельнікаў урачыстасці: “У гэты год, калі дзверы святыняў адчыненыя шырэй, а сэрцы людзей пакліканыя адкрыцца на дар прабачэння, паяднання, прымірэння, дазвольце, каб вашы сэрцы сталі святымі брамамі, праз якія Бог уваходзіць у гэты свет. Станьце пілігрымамі надзеі – для сваёй сям’і, для парафіі, для ўсіх, хто змучаны і стомлены”. “Сапраўдны пілігрым вяртаецца дадому іншым чалавекам. І я малюся сёння, каб кожны з вас вярнуўся іншым: з новым сэрцам, з новай надзеяй, з новым агнём веры, – дадаў іерарх і, нагадваючы пра святых, якіх успаміналі ў гэты дзень на літургіі, пажадаў: – Няхай святы Якуб, які адважна ішоў за Хрыстом ажно да смерці, навучыць нас быць мужнымі. Няхай святы Крыштаф, які пераносіў людзей праз небяспечныя воды, будзе нашым апекуном у дарозе жыцця. Няхай святая Ганна, якая выхавала Марыю, дапаможа нам выхоўваць веру ў нашых сем’ях, каб яна перадавалася з пакалення ў пакаленне”.

Паколькі напярэдадні адзначаўся ўспамін святога Крыштафа, у канцы Імшы адбыўся традыцыйны для гэтага літургічнага ўспаміну абрад благаслаўлення транспартных сродкаў і было ўдзелена благаслаўленне самім кіроўцам.

З кожным годам павялічваецца колькасць пілігрымаў з Беларусі і замежжа, якія ў гэтую ўрачыстасць прыбываюць да крыніцы святога Якуба. Крыніцу наведваюць таксама ў іншыя дні – каб аздаравіцца вадою з яе і памаліцца. У апошнюю суботу кожнага месяца ў дайлідскім касцёле цэлебруецца Імша ў інтэнцыях тых, хто падтрымлівае існаванне крыніцы ахвяраваннямі.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі