Skip to main content

Дзённік удзельніка пілігрымкі на Юбілей моладзі ў Рыме. Дзень трэці

3denrim 2

Моладзь Гродзенскай дыяцэзіі пілігрымуе на святкаванне Юбілею моладзі, якое адбудзецца ў Рыме з 28 ліпеня па 3 жніўня.

Дзень трэці, 27 ліпеня 2025 г.

Гэтая раніца была кароткай. Нас разбудзілі пасля пяці і папярэдзілі, што па плане ў шэсць раніцы мы ўжо будзем у Падуі і, магчыма, раней трапім у Венецыю.

***
Ранішняя прагулка па Падуі – на світанку – надала гэтаму дню цудоўную атмасферу. Вузкія вулачкі так і вабілі прагуляцца па іх, цешачыся іх маляўнічасцю.

***

Чакаем Імшы, якой не можам пачаць без другой групы. А іх усё няма!
У выніку ўсё пайшло не па плане: другі аўтобус заблудзіўся і моцна спазніўся. Час цягнуўся павольна, настрой псаваўся хутка. Але вось нарэшце і яны! Хутчэй на Імшу, нас жа чакае такі доўгі і дзіўны дзень!

3denrim 3

***

А зараз хутчэй на вакзал, трэба паспець разабрацца з пакупкай білетаў і дабегчы да цягніка. Каля касаў жудасная неразбярыха. Мы не паспяваем нічога і ў цягнік улятаем у апошнія хвіліны. Але мы паспелі, ура!

***

Гэта было няпроста, і паспелі на бліжэйшы цягнік далёка не ўсе. Добра, што ходзяць яны часта і наступнага чакаць трэба будзе нядоўга. Цягнікі тут хуткасныя і зручныя.

Вось мы і на месцы. Выходзім з вагона, азіраемся навокал і бачым гэты легендарны горад на вадзе.

***

Людзей вакол страшэнна шмат, моваў поўная разнастайнасць. Стараемся не згубіць адзін аднаго і не правароніць ніводнага цудоўнага віду. А прыгажосць тут паўсюль!

Часу ў нас няшмат, таму гуляем мы энергічна і не забываемся паглядваць на гадзіннік.

***

Справіліся нават з запасам і спакойна вярнуліся ў Падую, каб няспешна дайсці да аўтобуса і рухацца далей – на начлег у Фларэнцыю.

Гэта будзе наша першая ноч на ложку за ўсё гэтае падарожжа. І душ! І нават вячэра! Нарэшце ж!!!

3denrim 1

***

Гатэль цудоўны, ложкі мяккія, вада цёплая ёсць! А што яшчэ трэба для шчасця? Канешне, смачная і сытная вячэра!

***

Вячэры прыйшлося чакаць, але затое як нас накармілі! Была першая страва, далей – чакаючы дэсерту – мы дачакаліся другой стравы, а потым, страціўшы надзею, атрымалі і дэсерт! Спадзяваліся, напэўна, і за папярэднія два галодныя дні, і за будучы тыдзень у Рыме.

***

Выехаць пагуляць у цэнтр не атрымалася, таму мы крыху прайшліся па ваколіцы і вярнуліся ў гатэль, каб пагуляць у настолкі перад сном. Сном у мяккім ложачку і ў гарызантальным становішчы.

Вікторыя Сідар