Моладзь Гродзенскай дыяцэзіі пілігрымуе на святкаванне Юбілею моладзі, якое адбудзецца ў Рыме з 28 ліпеня па 3 жніўня.
Дзень першы, 25 ліпеня 2025 г.
Дзень Х наступіў! Неверагодна, але гэта ўжо сёння!!! Мы столькі чакалі гэтай падзеі, і вось яна, стаіць на парозе. Мяне, як заўсёды, прабірае пэўны мандраж.
Страшна забыць нешта важнае, згубіць пашпарт па дарозе, спазніцца, не выключыць прас, які сёння нават не ўключаў… Карацей, думкі ў галаве розныя. Але час узяць сябе ў рукі, а дакладней – узяць у рукі кучу рэчаў і вырушыць у шлях!
***
Не спазнілася! І нават пашпарт на месцы. Правяраю ў сто дзясяты раз – сапраўды на месцы! Зборы каля аўтобусаў цягнуцца дастаткова доўга. Нехта спазніўся.
Нехта забыў пашпарт. Некаму яшчэ трэба заехаць за дакументамі… Напэўна, ніводная арганізаваная паездка не можа абысціся без такіх анекдотаў...
***
Шлях да мяжы праляцеў дастаткова хутка, хаця не сказаць, што шлях быў блізкі. І. здаецца, мы крыху спазняемся. А калі зацягнецца праходжанне мяжы, то ўсе нашы планы растануць, як дым…
***
Час ляціць як звар’яцелы. Здаецца, усяго пара хвілін, а яны складваюцца ў гадзіны. Мы спазняемся. Мы дакладна спазняемся. Але не адчайваемся і, каб не сумаваць, гуляем у “дзясятачку”, а потым у “ножкі”. Нарэшце кіроўцы завуць нас вярнуцца ў аўтобус!
***
Цуд з цудаў: мяжу мы прайшлі па сённяшніх мерках вельмі хутка! Нават не выбіліся з плану, ідзём па графіку. Дагэтуль не магу ў гэта паверыць! Мы сапраўды едзем у Рым!!!
***
Зараз нас чакае ноч у аўтобусе. Мяне вельмі напружвае гэты момант, бо я амаль не магу спаць у транспарце, які рухаецца… Але тут ужо як ёсць. Нічога не зробіш.
Перад сном мы маліліся Нешпары і Ружанец. Здорава чуць, што, нягледзячы на стомленасць і сонны стан, увесь аўтобус уключыўся ў малітву.
Заўтра нас чакае прыемная дзевяцігадзінная прагулка па Будапешце – горадзе, у які я так даўно хацела трапіць! Падумаць толькі, што нас раздзяляе ўсяго адна ноч…
Вікторыя Сідар