Напярэдадні Сусветнага дня бабуляў, дзядуляў і пажылых людзей, які па ініцыятыве Папы Францішка адзначаецца ў кожную чацвёртую нядзелю ліпеня, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, звяртаецца з віншаваннямі.
«Шчаслівы той, хто не страціў надзею»
(пар. Сір 14,2).
Дарагія і любыя бабулі і дзядулі! Умілаваныя браты і сёстры!
У нядзелю 27 ліпеня 2025 года ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца V Сусветны дзень бабуляў, дзядуляў і пажылых людзей. Гэтае свята, якое ўзнікла па ініцыятыве Папы Францішка, адзначаецца з 2021 года ў чацвёртую нядзелю ліпеня — бліжэйшую да ўспаміну святых Яўхіма і Ганны, дзядулі і бабулі Езуса Хрыста.
Сёлетняя тэма свята «Шчаслівы той, хто не страціў надзею» (пар. Сір 14,2). Гэтыя словы Святога Пісання падкрэсліваюць важнасць надзеі, заснаванай на веры. Яны таксама сімвалізуюць шлях да шчаслівай старасці.
Старасць — гэта скарбонка са скарбамі, якія трэба адкрыць, і ў першую чаргу, яна павінна быць скарбонкаю сведчання веры, малітвы і міласэрнасці старэйшага пакалення, на лёс якога выпалі няпростыя выпрабаванні, звязаныя таксама з вызнаваннем веры ў Хрыста. Паводле Папы Льва XIV пажылыя людзі могуць быць знакам надзеі для кожнай сям’і.
Сям’я, як адзначыў падчас Юбілею сем’яў Леў XIV, «з’яўляецца асаблівым месцам, дзе мы сустракаем Езуса, які заўсёды нас любіць і прагне нашага дабра.
Езус надалей моліцца за нас, а Яго малітва, як бальзам на нашыя раны, становіцца для ўсіх гарантыяй прабачэння і паяднання. Такая малітва Пана Езуса надае поўны сэнс нашай узаемнай любові як бацькоў, дзядуляў і бабуляў, сыноў і дачок. І калі мы так любім адно аднаго, абапіраючыся на Хрыста, які ёсць „Альфа і Амега“, „Пачатак і Канец“, то будзем знакам спакою для ўсіх у грамадстве і ў свеце.
І не забывайма: у сем’ях нараджаецца будучыня народаў» (01.06.2025 г., Ватыкан, Юбілей сем’яў).
Згодна з распаўсюджаным меркаваннем надзея належыць маладым, тым, у каго ўсё жыццё наперадзе. Тым не менш, у апублікаваным дакуменце з нагоды Сусветнага дня бабуляў і дзядуляў Папа кажа, што знакам надзеі можна быць у любым узросце. Сённяшні свет з’яўляецца носьбітам так званай «культуры анты-старэння», гэта значыць культу маладосці і барацьбы са старэннем. Аднак, як зазначае Папа, «старасць — гэта каштоўны час, багаты на скарбы, якія трэба адкрыць, такія як мудрасць, набытая жыццёвым вопытам, і веды пра Божую вернасць, перажытыя на працягу многіх гадоў».
Будучыня свету залежыць ад еднасці паміж маладымі і пажылымі.
Таму заклікаю ўсіх, асабліва моладзь і падлеткаў, дапамагаць пажылым людзям увайсці ў свет сучасных тэхналогій, а пажылых людзей заахвочваю дапамагчы маладому пакаленню бачыць духоўны бок жыцця, дапамагчы сталець і развівацца, давяраючы свой лёс Езусу і Яго Найсвяцейшай Маці. Няма лепшага спосабу ўмацаваць веру ў дзяцей, чым прыклад дзядулі, калі ён кажа сваім унукам: «Няхай станецца воля Божая», ці калі бабуля вучыць сваіх унукаў малітве на Ружанцы. Сведчанне веры і вернасці Хрысту старэйшага пакалення, несумненна, прарасце парасткамі паклікання да святарскага і манаскага служэння, дапаможа моладзі ў віры сучаснага свету, ахопленага рознымі, часта небяспечнымі для душы, тэхналогіямі, знайсці сапраўдны арыенцір і сэнс жыцця, Езуса Хрыста — Дарогу, Праўду і Любоў.
Любыя браты і сёстры. Давайце не забываць клапаціцца пра пажылых людзей, не толькі пра родных і блізкіх, — давайце будзем часта размаўляць з імі, хоць бы па тэлефоне, падбадзёрваць іх, дзякаваць ім. І, безумоўна, наведваць іх. Наведванне пажылога чалавека, асабліва веруючага, — гэта магчымасць сустрэцца са сведчаннем пра Бога, які жыве ў іх. Абняць такога чалавека — гэта нібы дакрануцца да знаку вернасці Богу. У гэтым сэнсе Папа Леў XIV нагадвае нам, што пажылыя людзі, у жыцці якіх галоўнае месца займала і займае вера ў Езуса Хрыста, дапамагаюць нам таксама не траціць надзеі, спадзявацца на добрае, бо іх жыццё, нягледзячы на пажылы век, напоўнена надзеяй, верай і любоўю, якімі яны прагнуць падзяліцца з усімі намі.
Старэйшае пакаленне — гэта нашыя карані. Дрэва, адарванае ад каранёў, не цвіце і не дае пладоў. Таму так важна не згубіць гэтай еднасці і сувязі з каранямі.
Любыя бабулі і дзядулі, людзі пажылога ўзросту!
Віншуем вас з вашым святам! Жадаем вам Божага благаслаўлення, апекі Маці Божай — Маці надзеі, заступніцтва святых Яўхіма і Ганны, зразумення і падтрымкі ад дзяцей, унукаў і праўнукаў, дапамогі ад родных і блізкіх, любові і палёгкі ў цярпеннях. Разлічваем на вашы малітвы і ахвяраванні вашых цярпенняў у інтэнцыі Касцёла і спакою ў свеце.
З павагай, малітвай і благаслаўленнем
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі