Skip to main content

Дзённік удзельніка пілігрымкі на Юбілей моладзі ў Рыме. Дзень другі

2denrim 1

Моладзь Гродзенскай дыяцэзіі пілігрымуе на святкаванне Юбілею моладзі, якое адбудзецца ў Рыме з 28 ліпеня па 3 жніўня.

Дзень другі, 26 ліпеня 2025 г.

Першая ноч у аўтобусе перажыта! Нават гэта далося ў цэлым хутка і цярпіма. Неверагодна! Зразумела, прачыналіся мы на працягу ночы даволі часта, палягчалі бяссонныя хвілінкі адзін аднаго жартамі і філасофскімі размовамі і зноў засыналі…

***

Спыніліся на запраўцы. А вакол такая прыгажосць!!! На небасхіле горы, а каля падножжа – сланечнікі!!! Цэлыя плантацыі! Бязмежна прыгожа. І зусім немагчыма адарваць позірк.

***

Уехалі ў Будапешт і не можам адарваць позірк! Неверагодна!!!

***

Экскурсія па горадзе прайшла весела – наш экскурсавод умее пажартаваць і распавесці вясёлыя гісторыі. Пасля гэтага мы накіраваліся на Імшу ў галоўную базыліку горада, прысвечаную святому Стэфану. Гэта было незабыўна і вельмі атмасферна. Прыемна было, што, хоць у час набажэнства ў святыню ўваходзіла шмат турыстаў, яны ставіліся да нас з павагай і зусім не шумелі.

2denrim 3

***

Вольнага часу ў Будапешце аказалася дастаткова, хоць я вельмі баялася, што яго не хопіць. Мы адшукалі помнік ахвярам Халакосту, перайшлі на другі бок Дуная, каб узабрацца на гару да замка, па дарозе палюбаваліся некалькімі святынямі, а потым махнулі ў парк з замкам з вельмі смешнай назвай “Вайдахуняд”. Там мы памачылі ножкі на беразе штучнага вадаёма, палюбаваліся архітэктурай будынка, узведзенага да гадавіны горада, і пяшком вярнуліся да месца збору груп.

2denrim 2

***

Вечар у аўтобусе пачаўся хутка, бо ўсе зусім выбіліся з сіл за гэты доўгі і насычаны дзень…

Вікторыя Сідар