Skip to main content

Біскуп Гродзенскі ўдзельнікам рэкалекцый, прысвечаных распазнанню паклікання: “Езус глядзіць на вас як на тых, каму можна даверыць нешта важнае”

msza ministranty 5

24 ліпеня ў катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй узначаліў Імшу на завяршэнне рэкалекцый, прысвечаных распазнанню паклікання. Рэкалекцыі праходзілі з 22 па 24 ліпеня, іх арганізавала Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў рэкалекцый – міністрантаў розных парафій, – біскуп у гаміліі адзначыў, што гэтыя духоўныя практыкаванні – час, каб маліцца, слухаць Бога і пытацца: “Пане Езу, што Ты хочаш, каб я рабіў у жыцці?” Нагадваючы звернутыя да вучняў словы Езуса Хрыста ў Евангеллі: “Шчаслівыя вочы вашыя, што бачаць, і вушы вашыя, што чуюць”, іерарх сказаў: “Вы шчаслівыя, бо хочаце слухаць Бога!”

“У вашым узросце можа здавацца, што выбар жыццёвага шляху – гэта нешта яшчэ вельмі далёкае, – дадаў біскуп. – Але ўжо цяпер вы можаце пачаць распазнаваць, які шлях Пан Бог падрыхтаваў менавіта для вас”. Ён даў наступныя парады, як распазнаць пакліканне: маліцца (“Кожную раніцу або вечар спытай у Езуса: “Пане, што Ты падрыхатаваў для мяне? Дапамажы мне быць добрым чалавекам”), задаваць пытанні (бацькам, святару, старэйшым сябрам), назіраць за сэрцам (“Што робіць цябе шчаслівым? Ці любіш ты дапамагаць? Ці хочаш быць блізка да Касцёла?”), не баяцца марыць (“Ты можаш быць святаром, татам, манахам, лекарам, спартсменам… Але найважнейшае – заўсёды быць блізка да Бога”).

Акрамя таго, біскуп указаў на прыклад святых, адзначыўшы: “Шмат хто з іх пачынаў гэтак жа, як вы – ля алтара, у комжы, са званочкам. І ў іх сэрцах Бог пасеяў нешта вялікае”. Іерарх прывёў наступныя прыклады: благаслаўлёны Карло Акуціс – ён “гуляў у футбол, любіў камп’ютары, меў толькі адну мару – жыць блізка да Езуса, штодзённа хадзіў на Імшу”, “памёр у 15 гадоў, але пакінуў пасля сябе моцнае сведчанне”; святы Дамінік Савіо – ён “любіў гуляць, але найперш хацеў быць святым”, сказаў: “Лепш памерці, чым зграшыць”; святы Станіслаў Костка – ён “марыў стаць манахам, хоць яго бацькі былі супраць”, і “пяшком пайшоў з Вены ў Рым, каб выканаць Божую волю”.

msza ministranty 15

Біскуп дадаў, што, “каб расці – трэба падпарадкоўвацца”, “калі хочам быць вялікімі, мусім спачатку навучыцца слухацца – як Езус у Назарэце”.
Іерарх нагадаў міністрантам, што зараз яны здзяйсняюць сваё пакліканне ў Касцёле, і адзначыў, што “ў Касцёле ніхто не адзін – у кожнага ёсць нешта важнае, што трэба зрабіць”. “Павер: ты ўнікальны і непаўторны! – сказаў біскуп, адрасуючы гэтыя словы кожнаму з удзельнікаў рэкалекцый. – Езус глядзіць на кожнага з вас як на сябра, як на таго, каму можна даверыць нешта важнае. І ўжо цяпер хоча быць вашым Настаўнікам, Спадарожнікам, Братам”.

“Вам не трэба сёння ведаць увесь план свайго жыцця. Дастаткова аднаго: быць блізка да Езуса кожны дзень, – падкрэсліў іерарх. – Не бойцеся пытаць: “Пане, ці хочаш, каб я быў святаром?”, “Ці хочаш, каб я быў бацькам сям’і?”, “Ці хочаш, каб я быў манахам?” Паўтару: не трэба ведаць усё ўжо сёння. Але можна ўжо сёння пачаць слухаць Бога”.

Біскуп благаславіў удзельнікаў рэкалекцый на вяртанне дадому, папрасіў перадаць прывітанне родным, блізкім, святарам іх парафій.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі