Дзень трэці. Новы Двор – Забалаць
Сённяшні дзень у параўнанні з двума папярэднімі – гэта песня! Толькі дайшлі да абеду, а ўжо і Забалаць перад вачыма!
У Хадзілонях нас прынялі вельмі цёпла і накармілі, як заўсёды, вельмі смачным абедам. Там жа ксёндз Яўген распавёў нам аб пятай запаведзі. І гэта быў дастаткова цяжкі ўрок – непрыемна ўсведамляць, што ты таксама з’яўляешся забойцам, не ў фізічным сэнсе, пра які мы звычайна думаем, а ў маральным і нават духоўным.
Святар пастараўся максімальна даступна растлумачыць, што мы становімся забойцамі кожны раз, калі ранім іншага. І кожны раз, калі мы даём дрэнны прыклад, мы пазбаўляем чалавека жыцця ў сэнсе духоўным, а гэта самае страшнае.
Важна памятаць і пра тое, што наша абыякавасць – таксама зброя зла, якой мы можам забіць іншага, пазбавіўшы яго надзеі. Страшнае і забойства “спадцішка”, калі я абняслаўліваю іншага ці знарок памяншаю яго заслугі. Але важна памятаць і аб тым, што, усвядоміўшы свой грэх, не варта ўпадаць у адчай. Галоўнае – жаданне не паўтараць гэтыя памылкі. А крыніцай і фундаментам нашага навяртання і пакаяння з’яўляецца Хрыстус.
На Імшы з гаміліяй да нас звярнуўся айцец Анджэй, пробашч парафіі ў Дзевятоўцы. Святар параўнаў наша жыццё з ветразем, а ветрам, дзякуючы якому мы плывём шчасліва і спакойна, з’яўляецца Бог. І толькі ад нас залежыць, якімі будуць наш човен і наша плаванне.
На апошнім адрэзку шляху айцец Сяргей з Ордэну паўлінаў распавёў пра сябе і сваё пакліканне. Ён расказаў пра разнастайныя – сур’ёзныя і камічныя – сітуацыі са свайго служэння і пра ўзнікненне свайго ордэну. З-за яго адзення многія зацікавіліся гэтым святаром у белым, як Папа.
Дзень сёння выпаў зноў спякотны і душны, хаця, рыхтуючыся да пілігрымкі, усе запасаліся цёплымі рэчамі, бо прагноз надвор’я абяцаў пахаладанне. Што ж, напэўна, усё ж такі лепш санцапёк, чым халодны лівень. А самае галоўнае, што мы яшчэ бліжэй да мэты і за намі ўжо палова шляху. Усё добрае хутка заканчваецца, і мы не паспеем зарыентавацца, як апынёмся дома… Таму вельмі важна лавіць кожны момант, радавацца і дзякаваць Богу за гэтую магчымасць.
Фінальным акордам гэтага дня стала адарацыя. Гэта быў цудоўны час малітвы – у словах, песнях і цішыні, а таксама магчымасць напісаць Богу ліст аб усім тым, што ляжыць на сэрцы, што прыносіць боль і радасць, падзяліцца самым патаемным, каб у запячатаным канверце аддаць на захаванне да наступнага года і, перачытаўшы, зразумець, ці змянілася штосьці ў маім жыцці…
6 ліпеня з Гродна выйшла пешая пілігрымка на ўрачыстасці ў дыяцэзіяльны санктуарый Каралевы нашых сем’яў у Тракелях.
Маршрут: Гродна – Парэчча – Новы Двор – Забалаць – Радунь – Жырмуны – Тракелі.
Дэвіз паломніцтва – “Мы пілігрымы надзеі”.
Вікторыя Сідар