Дзень другі. Парэчча – Новы Двор
Сённяшні дзень быў вельмі насычаным на падзеі, уражанні і духоўныя веды. На ранішняй Імшы ў Парэччы з гаміліяй да нас звярнуўся айцец Сяргей, адзін з нямногіх прадстаўнікоў Ордэну паўлінаў у нашай краіне. Сам святар родам з Ваўкавыска і неаднойчы хадзіў у розныя пілігрымкі і ў школьныя часы, і калі быў семінарыстам. Ён падзяліўся з намі досведам сваіх пілігрымак і падкрэсліў, што ў кожнага з нас без выключэння ёсць як мінімум адна цудоўная магчымасць служыць іншаму – благаслаўляючы яго.
На працягу дня з канферэнцыямі да нас звяртаўся духоўны кіраўнік пілігрымкі – ксёндз Яўген. Сёння мы размаўлялі пра другую, трэцюю і чацвёртую запаведзі.
Святар нагадаў нам аб тым, што, як правіла, у кожнага ёсць свае ідалы, якіх мы ставім на першае месца, а таксама аб пытаннях, якія дапамагаюць нам зразумець, што з’яўляецца для нас такім ідалам (тэст на страх – як моцна я баюся нешта страціць, на час – колькі часу я гэтаму ўдзяляю, і на ахвяру – што я магу ахвяраваць дзеля гэтага ідала). Затым святар перайшоў да другой запаведзі, падкрэсліўшы, што яе парушэнне – гэта не толькі выкарыстанне імя Бога не падумаўшы. Гэта і бяздумная малітва “на аўтамаце”, і ненарматыўная лексіка, і нават учынкі, якія мы робім як быццам у імя любові (бо Бог ёсць любоў), а на самой справе для сваёй выгады.
Кажучы пра трэцюю запаведзь, ксёндз Яўген падкрэсліў, што нядзеля – перш за ўсё дзень, калі Бог захапіўся сваім стварэннем і працягвае захапляцца табой як сваім шэдэўрам. Сумненне ў сваёй каштоўнасці і сэнсе свайго жыцця з’яўляецца парушэннем трэцяй запаведзі.
Чацвёртая запаведзь асабіста для мяне стала самай балючай, але ў той жа час вызваляльнай. Святар пастараўся максімальна ясна перадаць, якая каштоўная прысутнасць бацькоў у нашым жыцці і як важна гэта цаніць, нягледзячы на цяжкасці ў адносінах, неразуменне або непрыняцце, бо ёсць такія моманты, калі ўжо сапраўды позна і назад нічога не вярнуць.
Сёння мы праходзілі праз Новую Руду, дзе нас як заўсёды гасцінна і з адкрытым сэрцам прымалі парафіяне разам з ксяндзом Паўлам, пробашчам з Парэчча.
Абедалі мы па традыцыі ў лесе. Забаўна, што некалькі разоў на прывалах пачынаўся грыбны дожджык і заканчваўся дакладна тады, калі мы ішлі далей.
У гэты ж дзень пілігрымаў чакаў хрост у рацэ Нявіша. Як кожны год, і эмоцый, і пралітай вады было шмат.
Паколькі Новы Двор – парафія невялікая, частка пілігрымаў засталася начаваць у касцёле. Мы збіраліся дапоўніць гэтую кампанію, але ў апошні момант знайшоўся дом, гатовы прыняць нас. Разам з намі на начлег узялі сям’ю з Ваўкавыска – маёй роднай парафіі, што прыемна ўдвая!
У агульным і цэлым другі дзень пілігрымкі, хоць і быў цяжкім, выклікаў шмат радасці ад таго, што мы ўсё ж такі перамаглі сваю стомленасць і дайшлі да месца прызначэння – Новага Двара.
6 ліпеня з Гродна выйшла пешая пілігрымка на ўрачыстасці ў дыяцэзіяльны санктуарый Каралевы нашых сем’яў у Тракелях.
Маршрут: Гродна – Парэчча – Новы Двор – Забалаць – Радунь – Жырмуны – Тракелі.
Дэвіз паломніцтва – “Мы пілігрымы надзеі”.
Вікторыя Сідар