6 ліпеня біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй наведаў парафію Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Наваельні (Дзятлаўскі дэканат). Парафія адзначала 25-годдзе з часу асвячэння свайго касцёла.
Біскуп узначаліў Імшу падзякі за асвячэнне касцёла, у якой удзельнічалі шматлікія парафіяне і госці, сярод іх святары дэканату. На літургіі маліліся за ўсіх, хто ўтварае парафіяльную супольнасць, хто прычыніўся да будаўніцтва, а потым да аднаўлення касцёла, а таксама за спачылых ксяндзоў Паўла Барысевіча і Веслава Дамброўскага SDB, якія служылі ў гэтай парафіі.
Касцёл у Наваельні быў пабудаваны пасля ўтварэння парафіі, у 1936 г. У 1957 г. быў зачынены і прызначаны пад спартзалу, а потым пад кінатэатр. Вернуты парафіі ў 1994 г., адноўлены дзякуючы мясцовым вернікам і асвячаны біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам 15 ліпеня 2000 г.
Пробашч кс. Алег Жураўскі SDB прывітаў прысутных і з радасцю адзначыў той факт, што юбілей святкуецца з удзелам пастыра дыяцэзіі. Святар назваў гэты дзень нагодай падзякаваць Богу за ўсе ласкі, якія атрымалі парафіяне за 25 гадоў.
Біскуп у гаміліі сказаў, што парафіяльная святыня – “улонне” Касцёла, у ёй вернікі прыступаюць да сакрамэнтаў, “таму вельмі важна, каб гэты будынак быў не толькі прыгожы, але і прасякнуты духам малітвы, святасці і гасціннасці”. “Кожная святыня з’яўляецца зямной іконай неба, месцам, дзе чалавек дакранаецца да святога. У парафіі няма другога такога месца”, – адзначыў іерарх.
Ён дадаў, што саміх сцен святыні недастаткова, што Касцёлам у поўным сэнсе з’яўляюцца самі вернікі. “Кожная парафія, кожны з нас мае місію. Жывы Касцёл – гэта не толькі ксёндз ці законніца. Гэта ўсе мы: маці, бацькі, моладзь, настаўнікі, сяляне. Кожны ахрышчаны – гэта місіянер. Касцёл без місійнасці мёртвы. Там, дзе заканчваецца місійнасць, – заканчваецца хрысціянства”, – заўважыў біскуп.
Ён прапанаваў вернікам падумаць над пытаннямі: “Ці адчуваю я сябе вучнем Хрыста?”, “Ці з’яўляюся такім вучнем у маім асяроддзі?”, “Ці веру, што туды, дзе я жыву і працую, мяне пасылае Езус?”
“Вернасць Хрысту і Касцёлу не заўсёды будзе лёгкай. Сённяшні свет не заўсёды разумее Евангелле. Часам з яго насміхаюцца, часам ігнаруюць. Таму вернасць Хрысту – гэта не толькі пабожнасць. Гэта штодзённы выбар. Гэта адрачэнне ад граху. Гэта выбар дабра нават тады, калі ніхто не глядзіць. Гэта адвага казаць праўду. Гэта сумленнасць, чысціня, прабачэнне. Гэта супраціўленне нянавісці, гвалту, пагардзе. Гэта не саромецца крыжа, малітвы, святой Імшы, – адзначыў біскуп. – Сведчанне – гэта стыль жыцця. Гэта вашы рашэнні, словы, адносіны, выбар”.
Па словах іерарха, у гэты дзень парафіяне мусяць спытацца ў сябе: “Што мы зрабілі за гэтыя 25 гадоў, каб гэты касцёл жыў? Ці былі мы тут не толькі на святы? Ці ведаюць нашы дзеці значэнне Эўхарыстыі? Ці клапоцімся мы пра святыню як пра родны дом? Ці гатовыя мы падтрымліваць парафію – сваім часам, малітвай, ахвярай?” “Касцёл з каменя – гэта абавязак. Але Касцёл з людзей – гэта яшчэ большы выклік. Ён не вытрывае без любові, удзелу і малітвы”, – падкрэсліў біскуп і дадаў, што “будаваць Касцёл будучыні – гэта значыць вучыць дзяцей малітве і пашане да каштоўнасцяў, несці адказнасць за супольнасць, шукаць паяднання, прабачэння, агульнага дабра”.
У канцы святкавання парафіяне падзякавалі біскупу за візіт і папрасілі аб благаслаўленні на наступныя гады і на будаўніцтва жывога Касцёла.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі