Пешая пілігрымка, якая ідзе з Гродна на дыяцэзіяльныя ўрачыстасці ў санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях, налічвае каля 400 удзельнікаў, а наймалодшы з іх – Кацярына, якой адзін год.
Дзяўчынка паходзіць з маладой гродзенскай парафіі св. Піо. Яе нясе на руках маці або вязуць у калясцы іншыя пілігрымы. Нам кажуць, што дзяўчынка “смелая, добра пераносіць пілігрымаванне”, “дае добры прыклад, што ў пілігрымку можна вырушыць у любым узросце, бо там заўсёды можна будзе атрымаць дапамогу і падтрымку – нават калі будзе складана з маленькім дзіцяткам, цяжка ўвесь час везці каляску, знойдуцца добрыя пілігрымы, якія ахвотна возьмуць гэта на сябе”.
Наогул узрост удзельнікаў пілігрымкі адносна малады, у асноўным яна складаецца з моладзі, хоць ёсць невялікая група старэйшых – па традыцыі яны ідуць наперадзе, як бы даючы маладым прыклад трываласці і цярплівасці.
Агульная працягласць шляху – 150 км, ужо пройдзена палова дарогі. У санктуарый пілігрымы прыбудуць у пятніцу.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: кс. Юрый Марціновіч