4-5 ліпеня ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) прайшлі агульнабеларускія ўрачыстасці пад дэвізам “Міласэрнасць Божая, давяраем Табе”. Па традыцыі ў іх удзельнічалі вернікі ўсіх дыяцэзій Касцёла на Беларусі, у тым ліку розных парафій Гродзенскай дыяцэзіі.
З Гродзенскай дыяцэзіі прыйшлі дзве пешыя пілігрымкі: з Ліды і Смаргоні. У пілігрымцы з Ліды ўдзельнічала 60 чалавек, яна доўжылася дзевяць дзён, працягласць шляху складала 250 км. У пілігрымцы са Смаргоні (поўная назва – Салезіянская моладзевая евангелізацыйная пілігрымка, ёй кіруюць ксяндзы салезіяне, удзельнічае пераважна моладзь) налічвалася 145 чалавек, працягласць шляху складала 105 км.
На ўрачыстасцях прысутнічалі біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч, святары многіх парафій Гродзенскай дыяцэзіі.
Галоўную Імшу ў межах фэсту, на якой прысутнічала некалькі тысяч чалавек, узначаліў старшыня беларускага каталіцкага епіскапату Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Гамілію прамовіў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа, які нядаўна прыбыў у нашу краіну. Ён перадаў прывітанне і апостальскае благаслаўленне Папы Льва XIV, які запэўнівае ў малітве за Беларусь і за кожнага яе жыхара.
“Я прыбываю да вас не як чужынец, а як брат сярод братоў, як пілігрым сярод пілігрымаў. Прыбываю са шчырым жаданнем пазнаёміцца з вамі, ісці поруч з вамі і быць да вашых паслуг”, – сказаў арцыбіскуп. Ён выказаў спадзяванне, што час, праведзены ім у Беларусі, стане часам ласкі і ўзаемнага суправаджэння і што беларусы, якіх ён назваў “народам верным, які падтрыманы надзеяй і кіруецца пяшчотай Марыі”, будуць разам з ім.
У канцы Імшы арцыбіскуп Станеўскі падзякаваў прысутным іерархам, астатняму духавенству, пілігрымам і прамовіў Акт аддання Мінска-Магілёўскай мітраполіі Божай Міласэрнасці.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by