Skip to main content

У лясной капліцы ў Дубку ўшанавалі Маці Божую Курганскую

dubok 10

6 ліпеня ў лясной капліцы ў Дубку, якая адносіцца да парафіi Найсвяцейшай Тройцы ў Жодзішках (Смаргонскі дэканат), адзначылі адпустовую ўрачыстасць Маці Божай Нястомнай Дапамогі, якую ўшаноўваюць пад тытулам Курганскай.

Назва Маці Божай Курганскай замацавалася ў памяці мясцовых вернікаў у часы, калі Дубок называўся таксама Курганамі. Там у лясах уздоўж берагоў Віліі захавалася шмат старадаўніх курганоў, на адным з якіх у дуброве ў 1928 г. жыхары вёскі пабудавалі драўляную капліцу.

Капліца ў Дубку – узор народнага дойлідства з падмуркам з валуноў і зрубам з бярвёнаў. У 1929 г. яе асвяцілі пад тытулам Маці Божай Нястомнай Дапамогі. У святыні знаходзіцца драўляная скульптура Езуса Хрыста, на даху – каваны крыж з народнымі матывамі, каля дзвярэй галоўнага ўваходу – драўляныя анімалістычныя маскі.

У капліцы па сённяшні дзень няма электрычнасці. Перад адпустам вернікі звычайна ўпарадкоўваюць і ўпрыгожваюць прылеглую тэрыторыю. Шлях да святыні вельмі няпросты і прыгожы. Каб дабрацца, трэба ехаць каля дзесяці кіламетраў – і па лясной дарозе, і праз поле.

Сёлета надвор’е было добрае, і даехаць на машыне было няцяжка. Сувязь адсутнічала, што дало магчымасць адпачыць ад гаджэтаў і больш паглыбіцца ў малітву.

Здаецца, гэтая капліца адмыслова знаходзіцца тут, каб нішто ў лясной цішы не перашкаджала размове паміж чалавекам і Маці Божай.

dubok 5

Па запрашэнні пробашча парафіі ў Жодзішках кс. Паўла Гардзейчыка на ўрачыстасці сабраліся святары суседніх парафій, прыбылі пілігрымы з наваколля, а таксама з Астраўца, Смаргоні, Гродна, Полацка, Брэста, Мінска. Некаторыя прыехалі на квадрацыклах, некаторыя ішлі праз лес са сваімі сабакамі.

Імшу ў межах урачыстасці ўзначаліў а. Казімір Мараўскі OCD, кусташ дыяцэзіяльнага санктуарыя ў Гудагаі. Гамілію прамовіў кс. Артур Ляшнеўскі SDB, пробашч парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні. Святар адзначыў, што святыня ў Дубку прыцягвае людзей, бо тут яны атрымліваюць ласкі, і дадаў: “Маці Божая гатовая дапамагаць у больш глабальным, у тым, аб чым мы не думаем. Яна дапамагае быць сапраўднымі пілігрымамі, пілігрымамі надзеі”.

Па словах кс. Артура, “кожны з нас здзяйсняе пілігрымку па жыцці”, “Маці Божая – Апякунка і дапамога ў гэтым”. Святар выказаў меркаванне, што чалавек часта думае, нібы нешта не атрымаецца. “Але Бог стварыў нас для большага. Марыя гаворыць: рызыкуйце, ідзіце ў пілігрымаванне надзеі. Марыя вучыць нас дарозе, якой трэба ісці, – заўважыў кс. Артур. – З Ёю мы пераможам усе цяжкасці”. Святар заахвоціў любіць Найсвяцейшую Маці і маліцца праз Яе да Бога.

dubok 48

Пасля Імшы вернікі прайшлі сем стацый Крыжовага шляху на ўспамін сямі смуткаў Маці Божай Балеснай. Гэты шлях працягваецца па беразе Віліі. Ён адначасова і даволі цяжкі – бо вельмі шмат насякомых, спякота, ісці трэба па лясной сцежцы, пераступаць праз паваленыя дрэвы, пераскокваць праз ручаі, – але вельмі прыгожы: збоку прыгожая рака, пахне чабор, растуць суніцы і чарніцы.

Пачынаецца шлях у капліцы, потым удзельнікі праходзяць праз браму Кальварыі. Адзін з пунктаў шляху – грот, упрыгожаны фігурай Маці Божай. З крыніцы, якая там знаходзіцца, многія бяруць ваду: мясцовыя жыхары вераць, што яна мае гаючыя ўласцівасці. Апошняя стацыя – невялікая каменная капліца, іншыя стацыі – старыя драўляныя крыжы.

Многія вернікі наведваюць таксама капліцу ў Дубку на працягу года, каб тут, у лясной цішы, адпачыць ад турботаў штодзённага жыцця і пабыць сам-насам з Богам.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі