29 чэрвеня парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Начы (Радунскі дэканат) адзначыла адпустовую ўрачыстасць у гонар апосталаў Пятра і Паўла. Святую Імшу ў межах урачыстасці цэлебраваў біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч.
У дзень гэтай урачыстасці ў парафіяльным касцёле збіраецца шмат мясцовых вернікаў і гасцей з наваколля, так было і ў гэты раз.
Пробашч кс. Аляксандр Адамовіч, вітаючы прысутных, адзначыў, што апосталы Пётр і Павел дзякуючы свайму сведчанню сталі “фундаментам нашай веры”, і заахвоціў звяртацца да Бога праз іх заступніцтва.
Біскуп у гаміліі сказаў, што, хоць Пётр і Павел вельмі адрозніваліся, іх злучала моцная вера, вялікая руплівасць і шчырая любоў да Езуса Хрыста, а ў канцы жыцця злучыла мучаніцкая смерць у Рыме.
Іерарх дадаў, што жыццё двух апосталаў не было адразу ідэальным, але дзякуючы таму, што адкрыліся на Бога і Яго ласку, яны сталі фундаментам Касцёла. Па яго словах, іх прыклад паказвае, што “калі чалавек хоча супрацоўнічаць з Божай ласкай, жыць у адзінстве і блізкасці з Богам – то можа зрабіць гэта”.
Біскуп заўважыў, што пры гэтым трэба памятаць: “калі мы хочам быць жывымі камянямі з будынку Касцёла, то мусім згадзіцца на тое, што будзем “абчасаны”.
“Камень, каб мог заняць сваё месца ў канструкцыі дома, мусіць быць адпаведна апрацаваны – абчасаны інструментам муляра. Так і мы павінны падпарадкавацца Езусу, боскаму Майстру, каб Ён “абчасаў” нас ад усяго, што ў нас не адпавядае Божаму будынку: нашага эгаізму і пыхі, маладушнасці і абыякавасці, павярхоўнасці і нясталасці, усіх іншых недахопаў і грахоў, якія Пан Бог бачыць, чытаючы ў нашых сэрцах”, – сказаў іерарх.
Біскуп заклікаў дазволіць Езусу зрабіць гэта. “Безумоўна, гэта для нас будзе балюча – але адначасова мы будзем самымі шчаслівымі людзьмі на зямлі, бо зведаем аздараўляльнае дзеянне Божай любові”, – адзначыў іерарх. Ён заахвоціў “усё лепш пазнаваць Хрыста”, “адкрываць Яго бясконцую любоў” і “верна iсці за Ім шляхам Евангелля”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі