29 мая ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбыўся дзень засяроджання, які правёў пробашч гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі кс. канонік Валерый Быкоўскі,
Дзень засяроджання, як заўсёды бывае ў семінарыі, распачаўся гімнам да Духа Святога. Гэты старажытны гімн, які звычайна спяваецца на лацінскай мове, з’яўляецца зваротам семінарыстаў да Бога з просьбай кіраваць гэтым днём малітвы і разважання.
У сувязі з гэтым ксёндз Валерый выказаў думку, што галоўнае ў дні засяроджання – не рэкалекцыяніст, які яго праводзіць, а ўнутраная сустрэча ўдзельнікаў з Богам, малітоўнае слуханне Яго слова і прысутнасць на адарацыі.
Падчас урачыстых Нешпараў з нагоды свята Унебаўшэсця Пана, якое адзначалася 29 мая, ксёндз Валерый звярнуўся да семінарыстаў з казаннем, у якім разважаў над асобай патрыярха Абрагама, яго пакліканнем, даверам і вернасцю Богу. Рэкалекцыяніст заклікаў прысутных заўсёды памятаць, чаму яны выбралі шлях святарства. “Святарства – гэта мэта, – адзначыў ён. – Але што далей? Якую місію мне даручыў Пан? Да чаго Ён мяне заклікае?”
Звычайна ў межах дзён засяроджання ў семінарыі святары дзеляцца асабістым досведам паклікання. Ксёндз Валерый, які сем гадоў служыў у Канадзе і меў магчымасць пазнаёміцца з Касцёлам у розных краінах, таксама падзяліўся з прысутнымі сваімі перажываннямі і сведчаннем веры.
Кульмінацыяй дня засяроджання стала святая Імша. У гаміліі ксёндз Валерый падкрэсліў, што ніколі не шкадуе аб выбары быць святаром і глыбока ўдзячны Богу за ўсё, што атрымаў праз сваё пакліканне.
Таксама на літургіі семінарыйная супольнасць дзякавала за 21 год святарства рэктара семінарыі кс. каноніка Віталія Вайцяхоўскага.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Станіслаў Бервячонак