25 студзеня ў гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя адбылося экуменічнае набажэнства з удзелам прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій. Яно было праведзена на заканчэнне Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў, які праходзіць штогод.
У набажэнстве, якое ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, удзельнічалі прадстаўнікі Рыма-Каталіцкага Касцёла, Грэка-Каталіцкай Царквы, Праваслаўнай Царквы, Евангелічна-Лютэранскай Царквы, Царквы поўнага Евангелля “Жывое Слова”.
Вітаючы прысутных, біскуп Гродзенскі нагадаў, што ідэя правядзення Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў нарадзілася з усведамлення, што падзелы паміж хрысціянамі “з’яўляюцца вялікім няшчасцем і спакусай, супярэчаць волі Хрыста, які хацеў, каб усе Яго вызнаўцы былі адным”. “Мы павінны рабіць усё, што ў нашых сілах, каб знайсці страчанае адзінства”, – дадаў іерарх.
У ходзе малітоўнай сустрэчы прадстаўнікі канфесій звярнуліся да ўдзельнікаў.
Было прачытана падрыхтаванае да экуменічнага набажэнства слова праваслаўнага епіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Антонія. “Шчыра перакананы, што запаведзі аб любові да Бога і бліжніх павінны быць альфай і амегай пошукаў хрысціянскага адзінства ў ХХІ стагоддзі, – адзначае епіскап. – Пустым звонам будуць разважанні на тэму духоўнасці, пазбаўленыя любові. І наадварот: любоў, якая выяўляецца ў добрых справах, здольная стаць нашай агульнай мовай”. Іерарх дадае, што “не павінна быць месца спробам навязаць штучнае “адзінства” як нейкі глабальны кампраміс”: “гісторыя паказвае, што такія палітычна-рэлігійныя праекты заўсёды цягнулі за сабой сумныя наступствы”. Епіскап падкрэслівае, што праваслаўным і католікам важна “навучыцца ўспрымаць адзін аднаго ў якасці не канкурэнтаў, а саюзнікаў”, і выказвае меркаванне, што “жыццё ў Гродзенскім рэгіёне з яго адмысловым культурным кодам дае шанец пацвердзіць праўду гэтых слоў”.
Прадстаўнік Грэка-Каталіцкай Царквы, а. Андрэй Крот, у звароце да прысутных прызнаўся, што яго ўзрушвае традыцыя збірацца разам на экуменічным набажэнстве ў межах Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў. “Калі мы молімся так ужо каторы раз, то, значыць, гэта справа Божая, якая сапраўды ляжыць у нас на сэрцы, якая нас хвалюе і якой мы гатовы прысвячаць свой час і малітву”, – сказаў святар. “Нас яднаюць не чалавечыя рашэнні, прынцыпы, правілы – нас яднае Збаўца”, – дадаў ён і заахвоціў працягваць “шукаць тое, што яднае”.
Прадстаўнік евангелічна-лютэранскай супольнасці, пастар Уладзімір Татарнікаў, заўважыў, што “ў Касцёл мы прыходзім не за ведамі, не за эмоцыямі, а за жыццём, за надзеяй”. Ён дадаў, што зямныя надзеі не спраўджваюцца, але “Касцёл – месца, дзе жыццё і надзея прабываюць дзякуючы Слову, вестцы аб Божай любові”. Па словах пастара, канфесіі могуць адрознівацца ведамі, каштоўнасцямі, элементамі веравучэння, “але самае галоўнае, што нас аб’ядноўвае, – гэта жыццё, надзея, сакрамэнт хросту і Слова Бога, тое, што мы павінны зберагаць і над чым павінны разам, незалежна ад канфесійнай прыналежнасці, працаваць”. Пастар падкрэсліў: “Езус Хрыстус сярод нас быў, ёсць і будзе вечна”.
Пастар Віктар Сцяпко з Царквы поўнага Евангелля “Жывое Слова” адзначыў: “Сёння Пан задае нам пытанне: “Хто Я для вас?” І кожны з нас павінен на гэтае пытанне адказаць”. Пастар нагадаў словы Пана: “Я стварыў Касцёл, і брамы пекла яго не перамогуць”, і дадаў, што, як бачна па гэтых словах, “калі Касцёл будзе ўзносіцца, то будзе ў адным экземпляры”.
Біскуп Уладзімір Гуляй у сваёй прамове нагадаў, што свет быў створаны Богам як месца, “дзе чалавек павінен быў быць шчаслівым і рэалізоўваць сябе ва ўсёй паўнаце ў любові і гармоніі жыцця з Панам”, але чалавек не захаваў вернасці Богу, таму свет страціў першапачатковую дасканаласць.
Біскуп звярнуў увагу на тое, як важна разумець, што “Езус – маё ўваскрасенне і жыццё”, давярацца Яму і дазваляць “дзейнічаць паводле Яго, а не нашай мудрасці”. Разважаючы над чытаннем Евангелля пра ўваскрашэнне Езусам Лазара, іерарх заўважыў: “Нярэдка нам здаецца, што Пан Езус рэагуе занадта позна ці няправільна на нашы пакуты або наогул не прыходзіць на дапамогу. (…) Мы найперш павінны ўсвядоміць, што Езус – праўдзівы Бог, а Божыя думкі – не нашы думкі.
Ён бачыць больш і далей, чым мы, бачыць, што нам патрэбна, хоча нам дапамагчы і дапамагае найлепшым чынам з усіх магчымых і найбольш адпаведным, хоць і не заўсёды менавіта так, як мы чакаем”.
Біскуп заахвоціў паверыць, што Езус хоча пастаянна выводзіць чалавека “з магілы малавер’я, пыхі, эгаізму, грахоў, залежнасцяў і слабасцяў”, як вывеў з магілы Лазара, каб чалавек “перастаў засяроджвацца на сабе, зірнуў на Езуса, на Яго Крыж і ішоў за Ім да збаўлення дарогай любові”.
У канцы набажэнства біскуп Гродзенскі падзякаваў прысутным вернікам розных канфесій, якія разам са сваімі духоўнымі кіраўнікамі прыйшлі на гэтую малітоўную сустрэчу.
Тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціянаў праходзіць ва ўсім свеце штогод з 18 па 25 студзеня. На яго рыхтуюцца матэрыялы з біблійнымі тэкстамі, малітвамі, прапановамі набажэнстваў. Сёлета ён праводзіўся пад дэвізам “Ці верыш у гэта?” (Ян 11, 26) і быў прысвечаны 1700-годдзю з часу Нікейскага Сабору, на якім зацвердзілі першы Сімвал хрысціянскай веры. Матэрыялы на Тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціянаў падрыхтавалі браты і сёстры з манаскай супольнасці ў Базэ (Італія).
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі