Skip to main content

У гродзенскай семінарыі прайшла аплаткавая сустрэча для ўдзельнікаў руху “Маргарытка”

margaritki oplatek 1319 студзеня ў будынку Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылася аплаткавая сустрэча для ўдзельнікаў малітоўнага руху “Маргарытка”.

Галоўная мэта гэтага руху – штодзённая малітвa за святароў. Члены руху здзяйсняюць яе з любоўю, разумеючы, што для духавенства неабходная такая падтрымка.
Удзельнікі прыбылі з розных месцаў Гродзенскай дыяцэзіі. Сустрэча была для іх магчымасцю праславіць на Эўхарыстыі Нованароджнага Пана і, дзелячыся аплаткай, выказаць адзін аднаму пажаданні.

margaritki oplatek 3

Прысутных прывітаў мадэратар руху “Маргарытка” Гродзенскай дыяцэзіі кс. Ян Раманоўскі.

Сустрэча пачалася святой Імшой, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. У цэлебрацыі ўдзельнічалі біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч і некалькі прэзбітэраў.

У гаміліі біскуп Гродзенскі засяродзіўся на тым пытанні, які распазнаць прысутнасць Езуса ў сваім жыцці. Па словах іерарха, гэтую прысутнасць нялёгка заўважыць сярод цяжкасцяў і пакутаў. Аблічча Збаўцы можна не заўважыць таксама сярод паўсядзённых спраў, дадаў ён.

У гэтых абставінах, адзначыў біскуп, “на дапамогу прыходзіць Маці Езуса, Марыя”: трэба “ісці за Яе інтуіцыяй”, быць гатовымі “зрабіць усё, што скажа Езус”, як параіла Маці Божая ў Кане Галілейскай. “Сапраўды, ты не ўбачыш цуду Езуса, калі будзеш трывала трымацца сваіх перакананняў, замыкаючыся ў сваім цярпенні, прыгнечанасці, безнадзейнасці, – дадаў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне. – Трэба даверыць Пану сітуацыю, у якой ты знаходзішся. Скажы ў малітве, на адарацыі: “Пане, я ўжо не магу, мяне перарастае цярпенне, мой крыж. Як мне справіцца з праблемамі ў доме, адсутнасцю працы ці цяжкасцямі ў паразуменні з дзецьмі? Пане, я сам не магу”. Патрэбна гэтае адкрыццё, выхад з “бункера” сваёй штодзённасці. Марыя сёння паказвае табе: паслухай, што Ён скажа табе зрабіць, зрабі ўсё, але паўтараю: усё”.

Біскуп падкрэсліў, што да словаў Пана трэба ставіцца не выбарачна, а рабіць менавіта “ўсё, што Ён скажа”.

margaritki oplatek 19

“Сваім сумневам не перашкаджай Богу аб’явіцца ў тваёй штодзённасці. Дазволь весці сябе праз жыццё, нават там, дзе, здаецца, Бога быць не можа. Зрабі ўсё, што скажа табе Пан. Прыслухайся да голасу Марыі, і слава Езуса аб’явіцца і ў цяжкасцях, і ў турботах”, – заахвоціў біскуп.

Пасля Імшы ўдзельнікі сустрэчы падзяліліся аплаткай. Гэта адбывалася ў прыемнай сардэчнай атмасферы, было выказана шмат цёплых пажаданняў, нібы ў сапраўднай сям’і, дзе жыве клопат, любоў і міласэрнасць да кожнага.

Біскуп Гродзенскі падзякаваў усім, хто ўваходзіць у рух “Маргарытка” – гэтую малітоўную сям’ю – за кожную малітву ў інтэнцыі духоўных асобаў. Іерарх падкрэсліў, што дзякуючы іх малітве святары могуць рэалізоўваць сваё пакліканне, служыць Богу і людзям, узрастаць у асабістай святасці і дасканаласці, даваць добры прыклад.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Станіслаў Бервячонак