Skip to main content

У Гродне прайшла сустрэча моладзі ўсіх мясцовых парафій

oplatek moladz 2311 студзеня ў гродзенскім рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі адбылася аплаткавая сустрэча для моладзі ўсіх парафій горада.

Сустрэча прайшла пад дэвізам “У Бетлеем паспяшаемся!”.

Мерапрыемства распачалося адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту. На адарацыі вікарый гродзенскай катэдральнай парафіі св. Францішка Ксаверыя кс. Яўген Амасёнак засяродзіў увагу на тым, што Бог любіць кожнага такім, які ён ёсць. Маладыя вернікі са сваімі душпастырамі дзякавалі Пану за ласкі, якія атрымліваюць штодзень. Таксама адарацыя стала для ўдзельнікаў магчымасцю даручыць Богу новы год і папрасіць суправаджаць іх на яго працягу.

Галоўным пунктам праграмы сустрэчы была святая Імша, якую ўзначаліў душпастыр моладзі Гродзенскай дыяцэзіі кс. канонік Антоні Грэмза.

oplatek moladz 7

У гаміліі ксёндз Антоні адзначыў важнасць Юбілейнага года, які зараз праходзіць у Каталіцкім Касцёле. Акрамя таго, ён узгадаў двух маладых людзей – Карло Акуціса і П’ера Джорджо Фрассаці, якіх Папа Францішак збіраецца сёлета абвясціць святымі. Па словах ксяндза Антонія, абодва гэтыя юнакі былі глыбока пабожнымі і разам з тым мелі інтарэсы, характэрныя для моладзі.

Карло Акуціс, які адышоў у вечнасць у 15 гадоў, кожны дзень удзельнічаў у Імшы і кожны тыдзень прыступаў да споведзі. Ён стварыў у Інтэрнэце старонкі, на якіх папулярызаваў культ Эўхарыстыі і святых, тлумачыў сваім аднагодкам, як спалучаць любоў да Езуса з зацікаўленасцю сучаснымі тэхналогіямі.

П’ер Джорджо Фрассаці, сын стваральніка вядомай італьянскай газеты “La Stampa” агностыка Альфрэдо Фрассаці, любіў горы, цікавіўся альпінізмам, не цураўся сяброў. Ён аддаваў час і сродкі бедным, глыбока шанаваў Эўхарыстыю.

oplatek moladz 30

Пасля літургіі маладыя вернікі падзяліліся аплаткай. Прадстаўнікі кожнай парафіі выступілі са спевам калядак.

Сустрэчу ўпрыгожыў спевам музычны гурт Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне “Ave”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі