12-13 снежня студэнты прапедэўтычнага курса Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне са сваім мадэратарам кс. Паўлам Скубам здзейснілі пілігрымку па паўночнай частцы Гродзенскай дыяцэзіі.
Першым прыпынкам стаў касцёл у Іўі. Юнакі даведаліся пра дзейнасць манахаў бернардынаў, якія там служылі, пра выпрабаванні, якія касцёл прайшоў у часы вайны, і пра сучаснасць парафіі. Пазней яны мелі магчымасць завітаць у нядаўна створаны парафіяльны музей, дзе пабачылі цікавыя старадаўнія экспанаты.
Наступным прыпынкам стаў Гудагай, дзе семінарыстаў сустрэў вікарый мясцовай парафіі а. Ігнат Падарэцкі OCD. Пасля вячэры юнакі на сустрэчы з айцамі кармэлітамі маглі задаць пытанні наконт гэтага ордэна. Вікарыі парафіі айцы Ігнат Падарэцкі і Казімір Мараўскі пазнаёмілі семінарыстаў з гісторыяй ордэна, распавялі пра тое, як кармэліты з’явіліся ў Гудагаі, і пра святыню, якая там паўстала. Юнакі зацікаўлена выслухалі аповед кармэлітаў пра сваё пакліканне і фармацыю.
На наступны дзень семінарысты сабраліся на ранішняй малітве, а пасля ўдзельнічалі ў святой Імшы каля абраза Маці Божай Гудагайскай у парафіяльным касцёле. На літургіі разважалі над жыццём Яна ад Крыжа, які быў кармэлітам. Пасля снедання семінарысты наведалі кляштар сясцёр кармэлітак Дзіцяткі Езуса, дзе таксама мелі магчымасць задаць пытанні.
Наступным прыпынкам у іх пілігрымцы стаў касцёл у Варнянах. Семінарыстаў сустрэў пробашч парафіі кс. Віктар Захарэўскі, які распавёў ім пра цяжкі шлях варнянскага касцёла і капліцы св. Філамены ў Вароне. Потым юнакі завіталі ў Міхалішкі, дзе паслухалі цікавы расповед пробашча мясцовай парафіі кс. Анатоля Захарэўскага пра парафіяльную святыню.
Пасля абеду семінарысты наведалі касцёл св. Арханёла Міхала ў Ашмянах, які быў апошнім прыпынкам іх падарожжа. Там іх прывітаў пробашч парафіі кс. Ян Варанецкі. Ён пазнаёміў гасцей з гісторыяй цяперашняга касцёла, а таксама распавёў пра касцёлы, якія існавалі ў гэтым месцы раней.
Падарожжа пакінула ў семінарыстаў глыбокія ўражанні.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі