7 снежня ў капліцы-пахавальні роду Качаноў у Івашкаўцах (Гродзенская дыяцэзія, Смаргонскі дэканат) адбылося адмысловае набажэнства, якое правёў ксёндз канонік Антоній Казлоўскі, дэкан Смаргонскі.
Святар маліўся аб вечным супакоі для пахаваных там людзей, чые парэшткі былі патрывожаны, а перад гэтым у касцёле цэлебраваў святую Імшу за ўсіх памерлых з роду Качаноў, якія спачываюць у гэтай капліцы.
Лёсам закінутай і занядбанай капліцы зацікавілася паэтка, музеязнаўца, захавальніца спадчыны Алена Шатурына (Бобіна). У гісторыі, якую яна расказала Catholic.by, ёсць свае ўзнёслыя старонкі, што апавядаюць пра велікадушнасць і высокія памкненні, старонкі сумныя, звязаныя з праявамі варварства, вандалізма, непавагі да памерлых і да мінулага, а таксама абнадзейваючыя старонкі — сведчанне неабыякавасці і самаадданай любові да роднага краю, яго багатай духоўнай і гісторыка-культурнай спадчыны.
Апавядае Алена Шатурына (Бобіна):
— Капліца ў Івашкаўцах — гэта помнік, да якога мяне прывёў Божы Провід. Цяпер, пасля столькіх гадоў апекавання, вывучэння, частковай рэстаўрацыі і, нарэшце, пасля арганізацыі і правядзення работ па добраўпарадкаванні крыпты, я разумею, чаму.
7 снежня мы ўпершыню з калектывам прафесіяналаў выконвалі работы па добраўпарадкаванні з частковым даследаваннем у крыпце.
Я хачу шчыра падзякаваць за плённую працу нашай групе даследчыкаў у складзе навуковых супрацоўнікаў аддзела антрапалогіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі Мікалая Памазанава і Уладзіслава Крумплеўскага, архітэктара Змітра Савельева, архітэктара і гісторыка Андрэя Шулаева і яшчэ двух валанцёраў: Аляксея і Сяргея. Мы пачалі вялікую справу!
Крыпта займае ўвесь унутраны аб’ём пад падлогай капліцы, мае восем ніш, размешчаных у два ярусы ў падалтарнай, і восем ніш у два ярусы ў падуваходнай частцы. Вентыляцыйныя каналы ўтвараюць вялікую сетку ўсярэдзіне муроў, два з іх выходзяць вонкі высока пад франтонам капліцы і візуалізуюцца пры аглядзе франтальнага фасада.
Створаны ўнутры клімат сведчыць аб высокай кампетэнтнасці архітэктара і дойлідаў. Сцены, скляпенні, нішы знаходзяцца ў ідэальным стане, цалкам адсутнічаюць сляды вільгаці. Адмысловы клімат спрыяў муміфікацыі парэшткаў у саркафагах.
Разам з тым, вентыляцыйныя каналы забітыя смеццем, камянямі, бітым шклом ад бутэлек. Неабходна правесці іх ачыстку і ўстанавіць краты, каб не дапусціць пранікнення ўсярэдзіну дробных птушак і жывёл.
У крыпце знаходзіцца шэсць цынкавых мастацка выкананых саркафагаў і тры драўляныя труны — усяго дзевяць пахаванняў. Памятныя шыльды ў наяўнасці толькі дзве: Казімір Качан, памёр 20 чэрвеня 1934 года ва ўзросце 80 гадоў і Аляксандра (з Качаноў) Пэско, памерла 8 мая 1914 года ва ўзросце 23 гадоў.
У маі 2024 года я скіравала запыт адносна Аляксандры Качан у Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Гродне. Згодна з запісам у метрычнай кнізе касцёла ў Солах, 4 чэрвеня 1889 года ў Даўкшышскім парафіяльным касцёле (сёння — Дайлідкі) было ахрышчана немаўля па імені Аляксандра «дворян Казимира и Софии ур. Берентовой Кочанов зак. супр. дочь родившаяся сего года мая 12го дня в им. Гусцишках».
Такім чынам можна сцвярджаць, што ў адной крыпце пахаваныя бацька і дачка, імёны астатніх прадстаўнікоў роду пакуль што, на жаль, невядомыя.
Адметна, што ў адпаведнасці з надпісам на памятнай шыльдзе, Аляксандры на момант смерці было 23 гады, але згодна з метрыкай маладая жанчына толькі некалькі дзён не дажыла да свайго 25-годдзя. Больш дакладным у гэтым выпадку, відаць, варта лічыць метрычны запіс.
З дзевяці пахаванняў у крыпце тры жаночыя.
Усе саркафагі і труны ўскрытыя. З дзевяці пахаваных толькі ў аднаго захаваўся чэрап (наогул гэты саркафаг найменш пашкоджаны: магчыма, вандалы не паспелі да яго дабрацца), астатнія чарапы адсутнічаюць. Большасць целаў выцягнутыя з разадраных металічнымі прадметамі (ламамі, манціроўкамі?) саркафагаў
Верагодна, пасля таго, як з іх былі знятыя ўсе каштоўныя рэчы (няма нават ружанцаў), яны былі раскіданыя ў хаатычным парадку. Ад тых целаў, якія не маглі выцягнуць з саркафагаў, проста адрывалі галовы, пры тым ніжняя сківіца заставалася з целам. І ўсё гэта з улікам таго, што парэшткі муміфікаваныя. На адным з саркафагаў, аздобленым анёламі, у анёлаў таксама адрэзаныя галовы.
Са словаў мясцовых жыхароў, у 2016 годзе, пасля смерці аднаго тутэйшага чалавека, які даглядаў за могілкамі, дзверы капліцы былі ўзламаныя і каля месяца яны стаялі адчыненымі. Магчыма, зламыснікі наведаліся ў капліцу менавіта тады?..
Падчас работ 7 снежня антраполагамі была апрацавана адна ніша. У ёй — фрагменты парэшткаў трох розных людзей. Наогул колькасць парэшткаў у крыпце не адпавядае колькасці пахаванняў; візуальна парэшткаў менш, яны раскіданыя хаатычна, і яшчэ спатрэбіцца вялікая даследчая праца, каб высветліць дакладна пол, узрост, прыналежнасць касцяных парэшткаў.
Нішы былі вычышчаны намі ад смецця, недаследаваныя саркафагі змешчаны ў тыя ж нішы, дзе яны стаялі напачатку. Смецце перабранае, усе элементы, якія маюць навуковае значэнне, складзеныя побач з нішамі, дзе яны былі знойдзены.
Выяўлена шмат элементаў каляровага рэльефнага шкла (магчыма, у шыбах капліцы былі вітражы), элементы вопраткі, гузікі, абутак. Далейшае вывучэнне металічных дэкаратыўных элементаў са шклом і асобных фрагментаў вітражоў стане падставай для канцэпцыі навуковага аднаўлення знешняга выгляду капліцы.
Таксама быў знойдзены фрагмент газеты «Советский спорт» за 21 мая 1978 года.
Цынкавыя саркафагі ўражваюць сваім выкананнем, кожны з іх — асобны твор мастацтва, іх дэкор і дызайнерскае рашэнне не паўтараюцца, усе яны розныя ў аздабленні, але маюць агульныя канцэптуальныя рысы, што сведчыць аб адным вытворцы (што гэта за вытворца — таксама належыць высветліць).
З будынку капліцы падчас работ па добраўпарадкаванні намі было вынесена ўсё смецце, вымецена падлога, ачышчаны ад пылу і бруду алтар.
Пасля гэтага ксёндз Антоній Казлоўскі з Вішнева правёў набажэнства і здзейсніў асвячэнне крыпты. Супольная малітва за спачылых яшчэ шчыльней аб’яднала валанцёраў місіі.
…Зімовы дзень кароткі, мы паспелі мала, але зрабілі вельмі многа. І тое, што мы там убачылі, што высветлілі, павінна стаць вялікім штуршком для далейшага вывучэння і даследавання як самой крыпты, так і гісторыі роду Качаноў. А шок, выкліканы знявагаю пахаванняў, вандалізмам, выкраданнем чарапоў памерлых людзей павінен прымусіць любога прыстойнага чалавека ўздрыгнуцца і задумацца аб нашых маральных каштоўнасцях.
І даўно ўжо час усвядоміць, што ўсё, што знаходзіцца на нашай зямлі — наша, і кожны чалавек абавязаны дбаць і клапаціцца аб сваёй спадчыне.
Застаецца дадаць, што місія па вывучэнні і захаванні капліцы ў Івашкаўцах была арганізавана Аленай Шатурынай (Бобінай), якая расказала гэтую гісторыю, а фінансаванне на ўласныя сродкі ажыццявіў Вячаслаў Бруёк.