9 снежня ў парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне (Паўднёвы) адзначалася адпустовая ўрачыстасць. Святую Імшу ў парафіяльным касцёле ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
У галоўным алтары гэтага касцёла змяшчаецца фігура Маці Божай Беззаганна Зачатай, якая раней знаходзілася ў гродзенскай Фары, узарванай савецкімі ўладамі 29 лістапада 1961 г., і якую ўдалося выратаваць. Да свайго галоўнага свята парафіяльная супольнасць рыхтавалася з дапамогай саракагадзіннага набажэнства, у межах якога здзяйснялася малітва перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам.
Ва ўрачыстай Эўхарыстыі ўдзельнічалі шматлікія парафіяне, духавенства і студэнты Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Біскуп цэлебраваў літургію ў інтэнцыі ўсёй парафіяльнай супольнасці на чале з яе пробашчам кс. Аляксандрам Раманоўскім.
У гаміліі пастыр Касцёла на Гродзеншчыне супаставіў беззаганнасць Панны Марыі і заганнасць кожнага чалавека: “Зло, якому адчынілі дзверы Адам і Ева, таямнічым чынам дасягае нас, і мы з пачатку жыцця носім у сабе рану, дотык цемры. Мы пастаянна адчуваем гэты раскол у сваёй душы…”
Біскуп дадаў, што грэхападзенне чалавека сапсавала і ўвесь навакольны свет: “Ён не такі, які быў... Свет і сёння прыгожы. Якім жа прыгожым ён быў тады, калі чалавек быў панам стварэння, які яшчэ не ўпаў; калі чалавек быў сапраўды каралём”.
“Бог мог бы выправіць свет і ўсё стварэнне, але чалавек мае вольную волю, таму нельга яго “выправіць”, бо ён зноў можа выбраць зло, калі пайшоў за злом, – так іерарх патлумачыў, чаму Бог не выправіў зло, учыненае першымі людзьмі. – Таму Бог вырашыў тое, што сапсавана, стварыць нанова, а не выправіць. І Ён пачаў з Беззаганнай. Яна – першы чалавек, створаны нанова”.
Па словах біскупа, Панна Марыя стала ад самага свайго зачацця Беззаганнай праз Езуса Хрыста: хоць Езус прыйшоў у свет пасля Яе нараджэння, аднак “Ён Пан над сусветам, а таксама над часам, Яго моц распасціраецца і на тых, хто жыў з пачатку свету, (…) і на тых, хто павінен жыць пасля Яго, а значыць і на нас, і на ўсіх людзей да канца часоў, ачышчаных Яго Кроўю”. Кроўю Хрыста была ачышчана і Панна Марыя, “толькі больш”, адзначыў іерарх: “мы моцай гэтай Крыві сталі ачышчаны ад грахоў, а Яна – цалкам захавана ад граху”. Сталася так таму, што “з Яе мусіў нарадзіцца Той, хто павінен быў знішчыць справу сатаны” – Езус Хрыстус. Такім чынам, Яго Маці стала “першым новым стварэннем”.
“Хрыстус – гэта новы Адам. Марыя – новая Ева, – сказаў біскуп. – Робячы свет новым, Хрыстус становіцца новым Адамам, без граху, цалкам паслухмяным Богу, а не так, як той першы. І каля Яго новая Ева, якая прымае Божую волю ў поўнай паслухмянасці. З Яе пачынаецца новае стварэнне, новае чалавецтва, новы свет”.
Іерарх растлумачыў таксама, чаму Езус у час смерці звярнуўся да сваёй Маці словам “жанчына”: гэта звязана са словамі Апакаліпсісу, дзе Бог кажа змею, што пакладзе варожасць між ім і жанчынай, між патомствам яго і яе. Менавіта Панна Марыя з’яўляецца гэтай жанчынай, нагадаў біскуп, дадаўшы, што апостал Ян, пра якога Езус сказаў Ёй: “Вось сын Твой”, сімвалізуе ўвесь Касцёл – гэта “прадстаўнік усіх, хто належыць Хрысту”.
“Бог прадвызначыў і выбраў Панну Марыю, але і нас, – падкрэсліў іерарх. – Беззаганнае Зачацце Марыі кажа аб любові Бога да нас. Новае стварэнне ўжо пачалося, дасягнула паўнаты ў Езусе і ў Марыі; яно ахопіць усё, калі Пан вернецца і скончыць сваю справу, але ўжо пачалося. Яно і ў нас, хоць толькі ў пачатку”.
Беззаганная Марыя дадзена людзям, па яго словах, для таго, каб дапамагаць ім у барацьбе з іх заганнасцю і нявер’ем: “Божая ласка нас закранула, але мы пастаянна адчуваем у сабе гэтую слабасць. Мы пастаянна не верым, што Бог з любові нас паклікаў і прадвызначыў. Да канца жыцця, да апошняга подыху і, можа, нават у хвіліну апошняга подыху мы мусім з усіх сіл змагацца, каб паверыць, што Ён з любові нас паклікаў, з любові нас стварыў і прадвызначыў для збаўлення. (…) Шэпт змея пастаянна гучыць у нас; ён там застаўся. Гэта і з’яўляецца той сапсаванасцю! Гэта тая рана, якая кажа нам не верыць! A Марыя дапамагае нам паверыць Богу”.
У канцы Імшы парафіяне выказалі біскупу ўдзячнасць за візіт і ўпрыгажэнне гэтай урачыстасці сваёй прысутнасцю, паабяцалі падтрымліваць малітвай яго служэнне Касцёлу на Гродзеншчыне.
Вянцом свята стаў канцэрт хрысціянскай музычнай групы “Anima”, заснаванай пры парафіі ў 2022 г.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Віталій Шмурай