Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія вернікі нашай дыяцэзіі!
Сёння мы распачынаем літургічны перыяд Адвэнту, які з’яўляецца часам радаснага чакання прыйсця Езуса Хрыста ў таямніцы Яго Нараджэння. Чатыры адвэнтавыя тыдні, якія папярэднічаюць святам Божага Нараджэння, павінны стаць для кожнага з нас своеасаблівай дарогай духоўнай падрыхтоўкі да асабістай сустрэчы са Збаўцам, які прыходзіць. Ад якасці і глыбіні нашага перажывання Адвэнту ў вялікай меры залежыць тое, чым будуць для нас святы Божага Нараджэння: ці зробім мы ўсё, каб Пан Езус нарадзіўся ў нашых сэрцах, перамяняючы іх сваёй ласкай, або дазволім, каб правядзенне гэтых святаў сталася толькі звычайным фальклорам, данінай традыцыі, якая нас унутрана не ўзрушыць і духоўна не ўзбагаціць. Таму будзе добра, калі ўжо сёння, на самым пачатку Адвэнту, мы засяродзімся на тым, чаго чакаем ад гэтага часу ласкі і што зробім, каб правесці яго як мага больш плённа.
Духоўная атмасфера Адвэнту прасякнута настроем чакання і надзеі. Імшальныя чытанні, узятыя са Старога Запавету, пераносяць нас у далёкія часы, якія папярэднічалі прыйсцю Хрыста. Мы знаёмімся з багатай гісторыяй выбранага народу, у якой пераплятаюцца падзеі радасныя і сумныя, хвалебныя і ганебныя, моманты ўзлётаў і падзенняў. Сярод гэтай разнастайнасці гістарычнага досведу ізраільцяне ніколі не страчвалі надзеі, што Пан Бог ёсць і застанецца заўсёды верны ўласнаму слову, таму Яго абяцанні, дадзеныя калісьці прарокам, абавязкова споўняцца. Рэалізацыя Божых абяцанняў звязана з прыйсцем у свет Збаўцы, прычым непасрэднымі сведкамі і ўдзельнікамі тых узнёслых падзей становяцца людзі надзеі: Найсвяцейшая Панна Марыя, св. Юзаф, Альжбета, Захарыя, Ян Хрысціцель, старац Сімяон і прарочыца Ганна.
Матыў надзеі, непарыўна звязаны з адвэнтавым чаканнем, становіцца яшчэ больш красамоўным у кантэксце падрыхтоўкі да Звычайнага юбілею, які з волі Святога Айца Францішка будзе адзначацца ў Паўсюдным Касцёле на працягу ўсяго 2025 Панскага года. Пачаткам Юбілею будзе адкрыццё Папам Святых дзвярэй у базыліцы святога Пятра ў Ватыкане 24 снежня бягучага года. У буле Spes non confundit (“Надзея не расчаруе”), якая абвяшчае Юбілей, Папа Францішак піша аб сваім жаданні, каб галоўным пасланнем Юбілейнага года была надзея. Хацеў бы падзяліцца з вамі, дарагія браты і сёстры, некаторымі думкамі, зачэрпнутымі з гэтага папскага дакумента, каб ужо сёння, перажываючы Адвэнт, які распачынаецца, у духу надзеі, мы падрыхтавалі нашы сэрцы да прыняцця як мага больш шчодрых юбілейных ласкаў.
“Усе маюць надзею, – сцвярджае Святы Айцец. – Надзея прысутнічае ў сэрцы кожнага чалавека як жаданне і чаканне дабра, нават калі ён не ведае, што прынясе з сабой заўтрашні дзень. Непрадказальнасць будучыні, аднак, нараджае часам супярэчлівыя пачуцці: ад даверу да страху, ад бадзёрасці да засмучэння, ад упэўненасці да сумнення. Часта мы сустракаем людзей засмучаных, якія глядзяць у будучыню са скептыцызмам і песімізмам, быццам нічога не можа даць ім шчасця”. “Няхай Юбілей будзе для ўсіх нагодай да ажыўлення надзеі” (SNC, 1), – жадае супольнасці Касцёла і ўсяму чалавецтву Папа Францішак.
У сучасным свеце, які прагне сапраўднай надзеі, мы як хрысціяне павінны спаўняць асаблівую місію. Мы павінны стаць пілігрымамі надзеі. Менавіта такі дэвіз – Пілігрымы надзеі – будзе нам спадарожнічаць у Юбілейным годзе.
Сапраўдная хрысціянская надзея нараджаецца і засноўваецца на любові, якая сыходзіць з Сэрца Езуса, прыбітага да крыжа. Такая надзея не падманвае нас і не расчароўвае, бо засноўваецца на ўпэўненасці, што ніхто і нішто ніколі не будзе ў стане аддзяліць нас ад Божай любові. У Пасланні да Рымлянаў святы апостал Павел піша: “Хто адлучыць нас ад любові Хрыста? Няшчасце ці прыгнёт, пераслед ці голад, галеча ці небяспека, ці меч? […] Але над усім гэтым мы атрымліваем поўную перамогу праз Таго, хто палюбіў нас” (Рым 8, 35.37).
У пары з надзеяй, як падкрэслівае Святы Айцец, ідзе цнота цярплівасці. Мы прывыклі хацець усяго і адразу, жывём у пастаяннай спешцы, ні на што не маем часу, нервовыя і нецярплівыя. Таму нам трэба прасіць Пана Бога аб цярплівасці, каб мы ўмелі давяраць і трывала чакаць спаўнення Божых абяцанняў.
Касцёл абавязаны вывучаць знакі часу і інтэрпрэтаваць іх у святле Евангелля, нагадвае Папа Францішак і адзначае, што “знакі часу, што заключаюць сум чалавечага сэрца, якое адчувае патрэбу ў прысутнасці Бога, павінны быць ператвораны ў знакі надзеі” (SNC, 7).
Першы знак надзеі, які патрабуецца змучанаму чалавецтву, – гэта мір для свету. Святы Айцец піша таксама пра неабходнасць адкрыцца на дар жыцця з адказным мацярынствам і айцоўствам і пра тое, каб зрабіць свет больш справядлівым, добрым і велікадушным для самых слабых. Папа Францішак заклікае, каб мы як хрысціяне станавіліся відавочнымі знакамі надзеі для многіх братоў і сясцёр, якія жывуць у цяжкіх умовах: для вязняў і тых, каго пераследуюць, хворых і людзей з абмежаванымі магчымасцямі, маладых і пажылых, выгнаннікаў і бежанцаў, бедных і выключаных. “Мы павінны «быць багатымі надзеяй» (пар. Рым 15, 13), – піша Папа, – каб пераканаўчым і прыцягальным чынам даваць сведчанне веры і любові, якое носім у нашых сэрцах; каб вера была радаснай, любоў – поўнай энтузіязму; каб кожны быў у стане падарыць хаця б усмешку, жэст цеплыні, братэрскі позірк, шчырае выслухоўванне, бескарыслівую паслугу, ведаючы, што ў Духу Езуса гэта можа стаць плённым зернем надзеі для тых, хто іх прымае” (SNC, 18).
Святы Айцец падкрэслівае, што фундаментам хрысціянскай надзеі і цэнтрам нашай веры з’яўляецца Езус Хрыстус, які за нас памёр і ўваскрос. У святле пасхальнай таямніцы мы верым, што тое, чым мы зараз жывём у надзеі, калісьці, пасля пераадолення намі парога смерці, стане рэчаіснасцю. Мэта нашага жыцця, нашага паклікання – шчасце, сапраўднае і вечнае. Не мімалётная радасць, якая нас ніколі не насыціць, а шчасце, споўненае ў Божай любові, якая не расчароўвае і ад якой ніхто ніколі нас не аддзеліць.
Дарагія вернікі нашай дыяцэзіі! Як ваш пастыр жадаю, каб Адвэнт, які пачынаецца, стаў для кожнага з вас часам новага адкрывання і ўсё больш глыбокага адчування дару хрысціянскай надзеі. Будзем знакамі надзеі для членаў нашых сем’яў, для нашых хатніх, калег, суседзяў, сяброў і знаёмых. Адкрыем нашы сэрцы на людзей бедных, тых, хто знаходзіцца ў патрэбе, тых, хто фізічна і духоўна пакутуе. Будзем спрабаваць перамагчы ўласны эгаізм, самалюбства і абыякавасць чуласцю да іншага чалавека, велікадушнасцю, спачуваннем і аказаннем канкрэтнай дапамогі. Няхай на шляху нашага адвэнтавага чування не будзе недахопу ў асабістай і супольнай малітве, чытанні Божага слова, досведзе Божай Міласэрнасці ў сакрамэнце паяднання, удзеле ў традыцыйных раратніх святых Імшах з прыняццем святой Камуніі. Няхай гэты час ласкі духоўна ўзбагаціць нас і яшчэ больш з’яднае з Тым, які ў таямніцы Уцелаўлення прыходзіць у гэты свет як Эмануэль – Бог з намі (пар. Мц 1, 23).
На дні Адвэнту, часу чакання і надзеі, а таксама на плённае перажыванне падзей Юбілейнага года з усяго сэрца вас благаслаўляю, яднаючыся з вамі ў адвэнтавай малітве, і аб ёй усіх вас пакорна прашу.
Гродна, 01.12.2024
Ваш біскуп Уладзімір
Паважаных Пробашчаў і Адміністратараў парафій прашу прачытаць гэты Ліст вернікам у нядзелю 01.12.2024 г. на кожнай Святой Імшы замест казання.