Skip to main content

У Дайлідках на Астравеччыне адзначылі срэбраны юбілей святарства трох пробашчаў

2024 11 25 Dajlidki 9623 лістапада ў парафіяльным касцёле Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дайлідках (Гродзенская дыяцэзія, Астравецкі дэканат) урачыста адзначылі 25-годдзе з часу прэзбітэрскага пасвячэння трох святароў.

Разам з пробашчам дайлідскай парафіі ксяндзом канонікам Алегам Шпенем разам маліліся яшчэ два святары Гродзенскай дыяцэзіі, якія сёлета святкуюць срэбраны юбілей святарства: пробашч парафіі Перамянення Пана ў Юрацішках (Івейскі дэканат) ксёндз Віталій Чурган і пробашч парафіі святога Станіслава Косткі ў Ваўкавыску ксёндз Павел Звяжынскі.

Да трох юбіляраў пры алтары далучыліся святары з суседніх парафій, адзін з якіх, айцец Казімір Мараўскі OCD з санктуарыя Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі, прамовіў гамілію.

Кожны з трох прысутных ксяндзоў, якія 25 гадоў таму прынялі прэзбітэрскае пасвячэнне, атрымалі з нагоды юбілею адмысловае благаслаўленне Святога Айца Папы Францішка.

Святая Імша сабрала ў касцёле больш за сотню вернікаў. Ад імя ўсіх дайлідскіх парафіянаў старшыня парафіяльнай рады Казімір Варановіч шчыра павіншаваў святароў, а перадусім свайго пробашча, з юбілеем і пажадаў ім Божага благаслаўлення на далейшым шляху святарскага служэння. Іншыя вернікі і дзеці далучаліся да віншаванняў, выказаўшы душпастырам шмат цёплых словаў, а таксама ўручыўшы ім нямала кветак і падарункаў.

Паводле catholic.by