З 10 па 13 кастрычніка ў рэкалекцыйным доме “Голас Айца” ў Росі (Ваўкавыскі дэканат) адбылася сустрэча хрысціянскага руху “Cursillo” (“Маленькі курс хрысціянскага жыцця”). У нашай краіне сустрэча прайшла ў трэці раз.
У мерапрыемстве ўдзельнічалі вернікі розных парафій Гродзенскай дыяцэзіі. Сустрэча давала магчымасць узнавіць свой асабісты духоўны рост, сур’ёзна зірнуць на сябе, сваё жыццё, адносіны з іншымі людзьмі і Богам, паразважаць, якім павінен быць хрысціянін ХХІ стагоддзя ў штодзённасці.
Курс быў вельмі насычаны: уключаў сведчанні жыццёвага досведу, абмеркаванне ў невялікіх групах прапанаваных тэм, фундаментальных для хрысціянства, і хрысціянскага ладу жыцця, а таксама малітвы, песні, размовы.
Усе прапанаваныя тэмы і сведчанні зацікавілі ўсіх удзельнікаў, выклікалі жывы водгук. Прысутныя бралі актыўны ўдзел у дыскусіях, дзяліліся меркаваннямі і досведам. Была бура эмоцый, слёзы, смех. Тры дні, напоўненыя радасцю зносін, новымі ведамі і адкрыццямі, праляцелі вельмі хутка і незаўважна.
Закончылася сустрэча ў санктуарыі Езуса Журботнага, дзе біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч ва ўрачыстых абставінах усклаў на выпускнікоў курса крыжы і благаславіў на апостальскае служэнне: несці святло Хрыста ў паўсядзённае жыццё, у свае парафіі і сем’і, быць жывым прыкладам хрысціянскай веры і жыцця.
Усе, хто зацікавіўся курсам і жадае ўзбагаціць сваё духоўнае жыццё, запрашаюцца на новыя сустрэчы. Узрост удзельнікаў – ад 18 гадоў; у курсе могуць удзельнічаць таксама вернікі Праваслаўнай Царквы.
Сувязь і падрабязная інфармацыя па тэлефоне:
+375 29 589 52 89 кс. Міхал Васількевіч
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі