Skip to main content

Фотафакт: каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі ўдзельнічае ў фармацыйным курсе для новых біскупаў у Рыме

hulaj rzum 4Каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй удзельнічае ў фармацыйным курсе для новых біскупаў, які праходзіць у Рыме. Курс доўжыцца на працягу тыдня.

Таксама ў курсе ўдзельнічае дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска. Ён прыняў біскупскае пасвячэнне ў гэтым месяцы ў пінскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

На сустрэчы сабраліся прызначаныя за апошні час біскупы з усяго свету. Гэты фармацыйны курс праходзіць у Вечным горадзе кожны год, яго арганізатар – ватыканская Дыкастэрыя па справах біскупаў.

Курс уяўляе сабой цыкл лекцый, размоў і супольных малітваў. Ён дае ўдзельнікам магчымасць усвядоміць, што яны з’яўляюцца членамі калегіі наступнікаў апосталаў, а іх абавязкі выходзяць за межы дыяцэзіі і маюць сусветны маштаб. Адчуць гэта біскупам дапамагаюць таксама сустрэчы са Святым Айцом і сувязі братэрства, якія ўсталёўваюцца на падобных мерапрыемствах.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі