Невялікая група вернікаў на чале з сястрой Марленай з Шанштацкага Інстытуту Сясцёр Марыі ў індывідуальным парадку здзейсніла пілігрымку на роварах з гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя ў парафію Маці Божай Бялыніцкай у Бялынічах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія).
Працягласць шляху склала каля 500 км.
Водгукі ўдзельнікаў пілігрымкі:
“Вось і адбылася яшчэ адна мая велапілігрымка… прыдбана яшчэ адна “кніга жыцця”, якую я буду “перачытваць”, над якой буду разважаць…
Сэрца перапоўнена ўдзячнасцю Богу за гэты цудоўны і неверагодны час, удзячнасцю сястры Марлене і нашаму пробашчу Яну Кучынскаму за арганізацыю гэтай пілігрымкі, усім удзельнікам – за цяпло і падтрымку, усім людзям добрай волі – за тое, што дапамагалі нам на гэтым шляху ў нашых патрэбах, адчынялі нам дзверы сваіх дамоў, дзяліліся ежай і цяплом сваіх сэрцаў, духоўна падтрымлівалі ў малітве.
У гэтай пілігрымцы я яшчэ раз пераканалася, які вялікі, які ўсемагутны, які міласэрны наш Бог і як клапоціцца пра нас Маці Божая, і захапілася гэтым. Вельмі ўразіў мяне Бялыніцкі абраз, які знаходзіцца ў сціплай, але вельмі ўтульнай каплічцы… і цешылася душа, што на яе парозе нас сустракаў святар з адкрытым на людзей сэрцам.
Усё наўкол: шчыры пробашч, ветлівыя парафіяне, утульная святыня, цудоўны абраз Маці Божай – стварала атмасферу дома…
Маці Божая, тут, у Бялынічах, не проста нас Ты сузіраеш –
Ты нас да любові і супакою запрашаеш.
Вакол Цябе на абразе ўсё цёмным фонам пралягае,
Жыццё без Бога гэта цемра нам прыпамінае…
Святло ліецца праз Цябе на ўвесь абраз,
Трымаеш Бога-Чалавека нам Ты напаказ.
У якім тут месцы я ні стану,
Твой позірк на сабе лавіць не перастану…
У сэрца самае ён мне зазірае,
Ён радасцю бязмежнай ззяе…
Ласкавым голасам у душы маёй ён прамаўляе
І над жыццём са мною разважае…
У вочы Твае хочацца ўглядацца
І ў глыбіню пяшчоты акунацца…
Святая наша Марыя-Маці, Бога-Сына Ты на руках трымаеш,
Таму што асаблівую павагу ў Пана-Бога маеш,
З Бялыніцкага абраза аб гэтым нам прыпамінаеш
І з цеплынёй матулі на нас сузіраеш”.
Ірына
“У жыцці ёсць такія моманты, калі, сутыкаючыся са сваім болем, не маеш сіл нават на малітву… У гэты раз у дарозе я судакранулася з такой сваёй ранай… Але маёй малітвай сталі слёзы, пераадоленне сябе, каб рухацца наперад, і барацьба ўнутры свайго фізічнага і духоўнага…
Злучаючы ўсё гэта з Езусам, я ведаю, што абавязкова будзе плён і будзе душэўнае аздараўленне… А яшчэ ў дарозе было шмат цудаў і такой відавочнай, для мяне проста адчувальнай прысутнасці Папы, што нават боль не змог заглушыць ува мне дзіцячую радасць…
Яшчэ адзін адрэзак шляху, які застанецца ў сэрцы…”
Аксана
“Для многіх словы “500 кіламетраў на ровары” гучаць жахліва. Для мяне гэта словы, якія прынеслі радасць і задавальненне. Не было практычна ніякай фізічнай стомленасці, таму што быў палёт душы.
Пілігрымка Масты-Бялынічы – гэта маленькі рай на зямлі. Гэта месца, дзе мне было так добра, як мала дзе бывае. У пілігрымцы спаўняліся абсалютна ўсе жаданні.
Рэгуліроўшчыкам “духу” пілігрымкі была сястра Марлена. Яна бачыла нас усіх і кожнага, падтрымлівала, навучала і малілася за нас усіх. Вынік не прымусіў сябе чакаць. У нядзелю мы былі ў Маці Божай у Бялынічах. Яна нас чакала. З абраза на сцяне глядзела нам у вочы і слухала.
Велізарны дзякуй усім святарам, якія нас сустракалі і праводзілі, цэлебравалі святую Імшу для нас не па раскладзе, кармілі смачнымі вячэрамі і сняданкамі і ў час прапаноўвалі кубачак кавы. Дзякуй ім, што пры ўсёй сваёй занятасці яны знаходзілі час для нашай групы”.
Алена
“Жнівень – гэта перыяд, калі ўся Польшча пілігрымуе на Ясную Гару. Далучыцца да гэтага кірунку пілігрымавання было для мяне вельмі важнай справай. І зусім другараднае значэнне мае тое, іду я гэтыя кіламетры пяшком ці еду на ровары… Галоўнае, што я ў дарозе да Бога. Галоўнае, што я прыкладваю намаганні і прыношу ахвяру, пераадольваю сябе, як фізічна, так і духоўна… каб перамяніцца… каб навярнуцца… Кто хоць раз пілігрымаваў, той ведае, што такія намаганні не пазбаўлены радасці.
Я ніколі не думала, што буду пілігрымаваць менавіта такім спосабам. Можна смела сказаць, што гэта наступства каранавірусу. З таго часу мы ўсё больш набіраемся вопыту. Мы ўжо тры разы былі ў дыяцэзіяльным санктуарыі ў Тракелях, а затым падарожнічалі па іншых санктуарыях Беларусі. Ездзілі на веласіпедах у Будслаў, Лагішын, Браслаў, Рось, Гудагай, Адэльск, Жыровічы, Шуміліна, Брэст, Баруны. І вось цяпер прыйшла чарга Бялыніч.
Гэта была найбольш доўгая з нашых пілігрымак. Яе арганізацыя заняла шмат часу. Па прычыне працягласці шляху і прыезду на тэрыторыю іншай дыяцэзіі было шмат розных складанасцей і змен. Аднак адзін з маіх духоўных настаўнікаў, кс. Міхал Кардэцкі, казаў: “Складанасці нам даюцца не дзеля таго, каб ад іх уцякаць, але дзеля таго, каб іх пераадольваць”.
Саміх удзельнікаў пілігрымкі было толькі пяць… але, каб гэтая пяцёрка шчасліва дабралася да месца прызначэння, працаваў цэлы штаб розных людзей. За кожнага з іх я асабіста дзякавала Богу.
Нягледзячы на тое, што працягласць шляху гэтай пілігрымкі была вельмі вялікай, для мяне яна была найбольш лёгкай у фізічным сэнсе. Надвор’е было ідэальнае. Нават у дажджлівыя дні дождж быў наперадзе нас, быў ззаду, быў побач з намі… але ніводнага разу нас не нагнаў. Таксама ўпершыню ў нас была святая Імша ў дарозе. Ксёндз Віктар Ханька прыехаў да нас і цэлебраваў Імшу побач з шашой.
Кожная пілігрымка мае свае выклікі і свае цяжкасці… Асабіста для мяне вельмі балючым было тое, што на працягу двух дзён мы заставаліся без Эўхарыстыі… На такія доўгія маршруты нам абавязкова патрэбны пілігрымкавы капелан.
Было вельмі дзіўна, што ўпершыню, нібыта выпадкова, у Доме малітвы нам аказаў гасціннасць пратэстанцкі святар. Гэта была вельмі цікавая сустрэча… я б назвала яе “Евангеллем у дзеянні”.
Мы елі вельмі асаблівы пілігрымкава-пятнічны абед – бутэрброды з тунцом, – і размаўлялі пра Бога. Проста так.
Хачу выразіць вялікую ўдзячнасць усім удзельнікам гэтай пілігрымкі за дух цішыні і дух малітвы. Так атрымоўвалася, што кожны вечар у нас была магчымасць супольнай малітвы, адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту ці супольнага пятнічнага Крыжовага шляху. Дзякую за гэтыя хвіліны засяроджання і задуменнасці, адкрытасці на Божае дзеянне ў нас. А таксама дзякую за выключнае пачуццё гумару і радасць, нягледзячы на розныя нязручнасці і цяжкасці.
І было яшчэ нешта, чаго раней у нашых пілігрымках ніколі не здаралася. Гэта было ўпершыню… Я заўсёды клапачуся пра тое, каб у нас было дастаткова часу для сну, адпачынку і генерацыі сіл. Але сітуацыя была такая, што, каб паспець на святую Імшу ў Бялынічах, у апошні дзень нам трэба было абудзіцца а трэцяй гадзіне ўначы. Таксама вельмі цікавы вопыт. Усход сонца мы сустракалі ў дарозе. Было вельмі прыгожа!
А затым каля цудадзейнага абраза Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бялынічах мы склалі ўсе нашыя інтэнцыі. Нашыя і тых людзей, якія прасілі нас памаліцца.
У нашых сэрцах надоўга застанецца след гэтай пілігрымкі, а ў душах – багаты духоўны плён. Ці вырушым яшчэ калі зноў у дарогу? Калі Бог дазволіць, то напэўна!”
С. Марлена
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі