15 чэрвеня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч здзейсніў асвячэнне капліцы св. Антонія Падуанскага ў Мількавічах каля Навагрудка. Адноўленая старадаўняя капліца належыць навагрудскай парафіі св. Арханёла Міхала.
Капліца, якая з’яўляецца помнікам сакральнага драўлянага дойлідства сярэдзіны ХIХ стагоддзя, знаходзіцца на старых могілках. Яе аднаўленне стала магчымым дзякуючы ініцыятыве пробашча навагрудскай парафіі кс. Юрыя Жэгарына. Святар далучыў да гэтай справы сваіх парафіян, тых, хто жыў у Мількавічах раней, розныя арганізацыі і людзей добрай волі, каб з матэрыяльнай падтрымкай вярнуць капліцы жыццё.
Адметнасць капліцы – надмагільная пліта з іменем Валяр’яны Керсноўскай, дачкі мецэната гэтай святыні Станіслава Керсноўскага. Валяр’яна нарадзілася падчас прабывання яе бацькі ў ссылцы ў Табольску. Памятная табліца нагадвае аб яе заўчаснай смерці.
Таксама ў капліцы знаходзіцца копія абраза Маці Божай Вастрабрамскай 1844 года.
На ўрачыстасць асвячэння прыйшлі ў пешай пілігрымцы вернікі Навагрудка і ваколіц. Прысутнічала шмат гасцей, у тым ліку прадстаўнікі мясцовай улады.
Імшу, на якой адбылося асвячэнне, біскуп Гродзенскі цэлебраваў у інтэнцыі ўсіх, хто падтрымаў аднаўленне гэтай прыгожай святыні. Іерарх падкрэсліў, што аднаўленне капліцы з’яўляецца праявай веры мясцовых жыхароў – такім чынам яны паказваюць, наколькі вера важная для іх і якое месца ў іх жыцці займае Бог.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне выказаў удзячнасць усім, хто за адзін год адрадзіў да жыцця занядбаную капліцу, якая знаходзілася ў жаласным стане.
Пробашч навагрудскай парафіі кс. Юрый Жэгарын, дзякуючы біскупу за візіт, адзначыў, што мясцовыя жыхары вельмі шануюць святога Антонія. Яго абраз займае цэнтральнае месца ў капліцы, якая раней выконвала функцыю сапраўднага парафiяльнага касцёла. У 1935 годзе да гэтай парафii адносіліся Байкі, Дашкевічы, Лаўцы, Няхрымава, Асмолава, Пятрэвічы, Русілаўка Малая і Вялікая, Селішча, Станкевічы.
Пробашч выказаў надзею, што адноўленая капліца на працягу дзесяцігоддзяў будзе для вернікаў месцам сустрэчы з Богам на малітве і ў супольнасці.
У канцы ўрачыстасці было здзейснена благаслаўленне новага крыжа, усталяванага на могілках.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі