9 чэрвеня ў парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла і Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Ізабэліне (Ваўкавыскі дэканат) а. Дзмітрый Дубай з Кангрэгацыі місіянераў клярэтынаў цэлебраваў прыміцыйную Імшу.
Днём раней айцец Дзмітрый прыняў у касцёле Хрыста Валадара Сусвету ў Азёрах (дэканат Гродна-Усход) прэзбітэрскае пасвячэнне, якое ўдзяліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Урачыстасць першай Імшы маладога святара пачалася ў яго родным доме. Затым неапрэзбітэра правялі ў парафіяльны касцёл, які ён наведваў у час свайго сталення і ў якім адкрываў пакліканне да святарства.
Сваю першую Эўхарыстыю айцец Дзмітрый цэлебраваў у інтэнцыі тых, хто перадаў яму дар жыцця і веры і суправаджаў яго на шляху да Хрыстовага алтара.
Касцёл быў поўны парафіян і гасцей. У ізабэлінскай парафіі гэта была першая прыміцыйная Імша. Мясцовыя вернікі з вялікай радасцю павіншавалі свайго земляка, запэўніўшы, што будуць працягваць падтрымліваць яго служэнне малітвай.
Пробашч кс. Генадзь Кухарэвіч CSMA падзякаваў парафіянам за ўдзел у падрыхтоўцы ўрачыстасці.
Айцец Дзмітрый Дубай CMF – другі клярэтын, які паходзіць з Беларусі. Першым з’яўляецца а. Віталій Чабатар з Гродна, які служыць у Магілёве.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі