8 чэрвеня, ва ўспамін Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі, сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату прыняў дыякан Дзмітрый Дубай з Кангрэгацыі місіянераў клярэтынаў.
Пасвячэнне ўдзяліў у касцёле Хрыста Валадара Сусвету ў Азёрах (дэканат Гродна-Усход) біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Новы прэзбітэр паходзіць з парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Ізабэліне (Ваўкавыскі дэканат).
У Эўхарыстыі, на якой адбылося пасвячэнне, удзельнічала духавенства, у тым ліку айцы клярэтыны, семінарысты, родныя неапрэзбітэра і вернікі парафіі, з якой ён паходзіць. Прысутнічала шмат вернікаў парафіі ў Азёрах, для якой гэтая падзея была вельмі важнай, бо пасвячэнне ўдзялялася ў ёй упершыню.
Біскуп Гродзенскі, які ўзначаліў цэлебрацыю, у гаміліі падкрэсліў значэнне місіі кожнага святара, адзначыўшы, што той павінен абвяшчаць Добрую Навіну не толькі словам, але і ўсім сабой, асабістым сведчаннем, праўдай свайго жыцця.
Па словах біскупа, задача святароў – быць добрымі прыладамі ў руках Бога, вернымі распарадчыкамі Яго ласкі. “Чым больш святар будзе ўсведамляць, які неспасціжна вялікі дар, дадзены яму, чым больш ён будзе ўсведамляць давер, які праяўляе да яго Хрыстус, з тым большай руплівасцю і адданасцю будзе дзяліцца Божымі ласкамі з тымі, да каго будзе пасланы”, – дадаў іерарх.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне назваў цудоўным знакам Божага Провіду тое, што гэтае пасвячэнне ўдзяляецца ў літургічны ўспамін Беззаганнага Сэрца Панны Марыі. Біскуп заўважыў, што Маці Божую глыбока шанаваў св. Антоній Марыя Клярэт, заснавальнік супольнасці, да якой належыць неапрэзбітэр Дзмітрый. Іерарх заклікаў неапрэзбітэра пастаянна браць з Панны Марыі прыклад: “З дапамогай Божай ласкі выхоўвай сваё святарскае сэрца на ўзор Яе Беззаганнага Сэрца, якое палае агнём любові да Бога і бліжняга, якое поўнае пакоры і сціпласці, веры і даверу Богу, адданасці і жадання служыць”.
У канцы Імшы неапрэзбітэр падзякаваў усім, хто суправаджаў яго на шляху да Хрыстовага алтара, выказаў падзяку таксама за прысутнасць побач з ім у гэты важны для яго дзень і папрасіў аб малітве, якая дапаможа яму аддана служыць людзям, да якіх ён будзе пасланы.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Андрэй Рушніцкі