Skip to main content

Парафіяльны адпуст у пабрыгіцкім касцёле

Урачыстая св. Імша з нагоды парафіяльнага адпусту адбылася сёння 26 сакавіка ў парафіі Звеставання НПМ у Гродне. Літургію у пабрыгіцкім касцёле ўзначаліў кс. бп Аляксандр Кашкевіч. На свята прыбылі сёстры з супольнасці назарэтанак, якія сёння таксама абыходзяць парафіяльнае свята.

На пачатку св. Імшы ксёндз Антоні Грэмза прывітаў святароў, сясцёр, клерыкаў ВДС у Гродне разам з ксяндзом рэктарам Юзафам Станеўскім, а таксама вернікаў літоўскага паходжання. Таму Евангелле падчас св. Імшы гучала на дзвюх мовах - польскай і літоўскай. Да літоўцаў на іх роднай мове таксама звярнуўся напрыканцы Літургіі кс. бп Аляксандр.

З гаміліяй да вернікаў звярнуўся ксёндз віцэ-рэктар Юры Павайба, які разважаў над таямніцай Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі. Святар звярнуў увагу, што вернікам варта больш старанна шукаць Божую волю ў сваім жыцці і выконваць яе, як гэта зрабіла Марыя з Назарэту. Яна не патрабавала дакладных інструкцый і тлумачэнняў, а толькі сказала сваё „Fiat”. Па яе згодзе Слова сталася Целам. Ксёндз таксама нагадаў, колькі новых жыццяў нішчыцца сёння праз аборты і кантрацэпцыю. Замест Божага блаславення шмат людзей трактуюць цяжарнасць як праблему, клопаты, цяжкасці ў матэрыяльным жыцці. Аднак Касцёл, звяртаючы ўвагу на Звеставанне НПМ, нагадвае, што Божая Маці прыняла жыццё, нарадзіла Божага Сына на свет і з’яўляецца ўзорам для ўсіх маладых сем’яў у прыняцці кожнага новага жыцця з радасцю і ўдзячнасцю. Той, хто нішчыць новае жыццё, страчвае Божае бласлаўленне і выходзіць на дарогу, якой кіруе злы дух. Таму трэба дзякаваць Пану Богу за дар жыцця, дзякаваць бацькам за іх любоў, дзякуючы якой мы прыйшлі на свет. Святар заахвоціў маліцца за тых, чыё жыццё знаходзіцца пад пагрозай з прычыны абортаў ці эўтаназіі, а таксама маліцца за тых, хто пайшоў дарогай знішчэння жыцця.

Напрыканцы св. Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту і малітва Літаніі Ларэтанскай да Маці Божай. За ўдзел у гэтых набажэнствах можна было атрымаць поўны адпуст, ахвяруючы яго за сябе або за блізкага памерлага.

Пасля Літургіі моладзь з АД “OPEN” зрабіла прэзентацыю ў абарону жыцця ненароджанага дзіцяці. Моладзь нагадала пра магчымасць далучыцца да духоўнага ўсынаўлення ў гэты дзень – пачынаючы ад урачыстасці Звеставання НПМ трэба штодня маліцца Таямніцай Ружанца ў інтэнцыі жыцця, якому пагражае аборт. Такая штодзённая малітва цягнецца 9 месяцаў – да свята Божага нараджэння.