25-26 лютага ў Гродне адбылася фармацыйная сустрэча для катэхетаў – святароў, законных сясцёр і свецкіх людзей – якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі.
Сустрэчу традыцыйна арганізаваў Аддзел каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай курыі.
Увазе ўдзельнікаў былі прадстаўлены тры канферэнцыі, з якімі выступіў прэфект і выкладчык Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. Ян Раманоўскі.
У першай канферэнцыі ішла гаворка пра агульнае пакліканне да святасці як фундамент катэхізацыі. Ксёндз Раманоўскі падкрэсліў, што катэхет павінен наследаваць Езуса і ісці побач з вучнем, як Ён.
У другой канферэнцыі сцвярджалася, што катэхізацыя – не магчымасць, а абавязак. Па словах ксяндза Яна, у выкананні свайго выхаваўчага абавязку Касцёл, прадугледжваючы ўсе адпаведныя сродкі, павінен клапаціцца ў першую чаргу аб найбольш спецыфічных для яго, першым з якіх з’яўляецца катэхізацыя. Як адзначыў святар, катэхізацыя ўмацоўвае веру, сілкуе духоўнае жыццё паводле Хрыстовага духу, вядзе да свядомага і актыўнага ўдзелу ў літургічным сакрамэнце і пабуджае да апостальскай дзейнасці.
У трэцяй канферэнцыі закраналася тэма любові да Бога і бліжняга. Па словах ксяндза Яна, гэтая любоў павінна стаць шляхам да плённай катэхізацыі.
Акрамя таго, на сустрэчы распавялі пра свой вопыт двое катэхетаў гродзенскай парафіі Святога Духа. Сястра Бернадэта Белаусава CSSH падзялілася досведам катэхізацыі дзяцей дашкольнага ўзросту, а кс. Валерый Спірыдон – досведам катэхізацыі дарослых.
У межах двухдзённай сустрэчы была таксама адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Удзельнікі маглі прыступіць да споведзі.
Сустрэча завяршылася Імшой у рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. На Эўхарыстыі іерарх маліўся за ўсіх катэхетаў дыяцэзіі.
Звяртаючыся да прысутных, біскуп нагадаў, што зараз у паўсюдным Касцёле па рашэнні Папы Францішка праходзіць Год малітвы.
“Хто больш, чым катэхет, пакліканы быць узорам і настаўнікам малітвы?” – дадаў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне.
Біскуп адзначыў, што вернікі маюць адносна катэхетаў разнастайныя чаканні, ставяць да іх высокія патрабаванні, а больш за ўсё хочуць бачыць у іх людзей малітвы. Таму ён папрасіў святароў, кансэкраваных і свецкіх асобаў, чыя дзейнасць звязана з катэхізацыяй дзяцей і моладзі, быць людзьмі малітвы ў сваіх супольнасцях і сярод тых, хто даручаны ім. “Гэта будзе самае прыгожае і пераканаўчае сведчанне праўдзівасці вашага пасланніцтва”, – сказаў іерарх.
Біскуп выказаў удзячнасць Аддзелу каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай курыі, які арганізаваў сустрэчу, падзякаваў удзельнікам за прыбыццё на гэтую сустрэчу і за працу катэхізацыі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі