У ноч Божага Нараджэння Імшу Пастэрку ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Разам з іерархам Эўхарыстыю канцэлебравалі пробашч парафіі кс. канонік Ян Кучынскі i яго супрацоўнікі. На літургіі прысутнічалі прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы і Евангелічна-Лютэранскай Царквы. З малітоўным настроем і радасцю ў сэрцах у катэдры, маці касцёлаў Гродзенскай дыяцэзіі, сабраліся, каб перажыць хвіліны прыйсця Пана ў свет, шматлікія парафіяне i жыхары горада.
Як адзначыў біскуп Кашкевіч у гаміліі, ноч Нараджэння Пана “не настройвае на сон, а абуджае, заклікае, ажыўляе, мабілізуе”.
Іерарх падкрэсліў, што таямніца Божага Нараджэння – “аб’яўленне праўды пра Бога ласкавага і міласэрнага”.
“Праўдзівы Бог становіцца праўдзівым Чалавекам – адным з нас, каб вывесці нас з цемры зла і граху да святла Божай ласкі і сапраўднай свабоды. Ён прыходзіць, каб раз і назаўсёды змяніць лёс гэтага свету, замяніць блытаніну і дысгармонію, якія ў ім пануюць з-за слабага, грэшнага чалавека, праўдзівай боскай прыгажосцю, мірам і парадкам”, – сказаў біскуп.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне адзначыў, што “чалавечыя сэрцы сумуюць па любові і толькі па ёй”. “Пан Бог хоча гэты сум заспакоіць, таму выбраў менавіта такі спосаб увайсці ў наша жыццё – ціхі, далікатны і стрыманы. Ён стаў Эмануэлем – Богам з намі – і пасяліўся сярод нас. Так звычайна, так проста, так прыгожа”, – дадаў іерарх.
Біскуп заахвоціў усіх прысутных затрымацца пасля сканчэння Імшы на хвіліну перад яслямі Збаўцы.
“Падзякуем Яму за тое, што прыйшоў у свет, каб адарыць нас сваёй бясконцай любоўю. A таксама папросім Дзіцятку Езуса, каб цуд Яго Нараджэння здзейсніўся ў кожнай сям’і і кожным чалавечым сэрцы”, – заклікаў іерарх.
На заканчэнне літургіі біскуп сардэчна павіншаваў вернікаў. Ён пажадаў ім вясёлых і спакойных святаў, пажадаў, каб нованароджаны Божы Сын падтрымліваў і ўмацоўваў іх у вырашэнні жыццёвых задач і выкананні абавязкаў, атачаў сваёй апекай і супакоем у новым годзе.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі