24 снежня, у IV нядзелю Адвэнту, у парафіі св. Юды Тадэвуша ў Вішневе (Смаргонскі дэканат) чатыры чалавекі былі прыняты ў міністранты.
Урачыстая падзея адбылася на ранішняй нядзельнай святой Імшы. Сёлета 4 чэрвеня гэтыя хлопцы ўпершыню прыступілі да святой Камуніі , а пасля “белага тыдня” сталі кандыдатамі ў міністранты.
У гаміліі пробашч парафіі кс. канонік Антон Казлоўскі растлумачыў важнасць служэння пры алтары Пана, нагадаўшы, што міністрант – першы памочнік падчас цэлебрацыі святой Імшы. Па словах святара, быць міністрантам – адрозненне і гонар, а адначасова гэта мае на ўвазе гатоўнасць прыкладаць дадатковыя намаганні, каб служыць Богу і людзям. Ксёндз канонік адзначыў, што добры міністрант павінен любіць Бога і Касцёл, служыць Хрысту праз людзей, пазнаваць літургію і жыць ёю, быць старанным у вучобе і што з міністрантаў часта вырастаюць добрыя сужэнцы і бацькі, а таксама цудоўныя святары. Пробашч папрасіў прысутных маліцца ў інтэнцыі гэтых міністрантаў, каб, калі каго-небудзь з іх Бог адорыць ласкай паклікання да святарскага служэння, той з радасцю прыняў яе.
Пасля казання старэйшы міністрант Юрый Цікота ад імя кандыдатаў у міністранты папрасіў пробашча дапусціць тых да літургічнай службы, а таксама ўдзяліць ім Божае благаслаўленне. Хлопцы прынеслі прысягу перад усёй супольнасцю парафіі, паабяцаўшы выконваць святыя абавязкі міністранта пабожна, аддана і з радасцю на хвалу Божую і для дабра парафіі. Затым адбыўся абрад асвячэння комжаў новых міністрантаў. Белы колер гэтага адзення павінен нагадваць хлопцам, для якіх з гэтага моманту распачаўся новы жыццёвы этап, аб чысціні душы, з якой ім трэба выконваць даручанае служэнне.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Жанна Гацко