21-22 лістапада ў рэкалекцыйным доме пры парафіі св. Міхала Арханёла ў Навагрудку праходзіла 88-е Пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
У пасяджэнні ўзялі ўдзел старшыня ККББ біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, віцэ-старшыня ККББ біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, генеральны сакратар ККББ дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.
На пасяджэнні таксама прысутнічалі Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч, сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Мінску кс. Кшыштаф Сэрока і Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.
Завяршылася сустрэча святой Імшой у навагрудскім касцёле, якую ўзначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. У ёй удзельнічалі таксама вернікі гэтай парафіі.
Пробашч парафіі кс. Юрый Жэгарын прывітаў усіх прысутных, асабліва іерархаў, і звярнуўся да біскупаў з просьбай благаславіць памятную табліцу, прысвечаную двум славутым Божым слугам з навагрудскай зямлі – біскупу Зыгмунту Лазінскаму i с. Вандзе Банішэўскай.
Зыгмунт Лазінскі нарадзіўся ў 1870 годзе ў вёсцы Барацін каля Карэліч. Будучы першы біскуп Пінскай дыяцэзіі правёў у гэтай вёсцы толькі першыя дзесяць гадоў жыцця, бо ў 1880 годзе сям’я Лазінскіх пераехала ў маёнтак Чэрнік каля Міньска-Мазавецкага (Польшча), але малая радзіма назаўсёды засталася ў яго сэрцы.
Ванда Банішэўская нарадзілася ў 1907 годзе ў вёсцы Каменка каля Навагрудка. Яна жыла там разам з бацькамі, братамі і сёстрамі, пакуль не ўступіла ў бесхабітовую Кангрэгацыю Сясцёр ад Анёлаў у Вільнюсе.
У канцы літургіі арцыбіскуп Станеўскі благаславіў памятную табліцу, а таксама заахвоціў усіх прысутных “не баяцца быць святымі ўжо на зямлі”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі