2 лістапада, ва ўспамін усіх памерлых, у катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне ўзначаліў святую Імшу арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.
Разам з іерархам маліліся біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і прэзбітэры на чале з пробашчам катэдральнай парафіі кс. канонікам Янам Кучынскім.
У гаміліі арцыбіскуп засяродзіў увагу на тым, што святы ўсіх святых і ўсіх памерлых узаемна дапаўняюць адно аднаго. Па яго словах, яны нівелююць розніцу паміж мінулым, сучаснасцю і будучыняй, разбураюць бар’ер, які аддзяляе зямное жыццё ад вечнасці, і дазваляюць лепей спацігнуць праўду веры ў еднасць святых. Свет жывых дзякуючы гэтым святам уваходзіць у свет памерлых і наадварот, сказаў іерарх, параўнаўшы гэта з дарогай двухнапрамкавага руху.
Арцыбіскуп адзначыў, што памерлыя ўваходзяць у нашае жыццё, каб прыгадаць пра яго нясталасць, бо час зямнога жыцця абмежаваны. Таму мы не можам жыць згодна са старарымскім слоганам “Carpe diem” (“Выкарыстоўвай сённяшні дзень, бо заўтрашняга можа не быць”), надыдзе час, калі трэба будзе пакінуць усё – багацце, славу, тытулы і г.д. – і пойдуць за намі толькі духоўныя каштоўнасці, дадаў іерарх.
Па словах арцыбіскупа, з чыста чалавечага пункту гледжання смерць – паражэнне чалавека: ён столькі працуе і церпіць, і для чаго, калі ўсё трэба пакінуць, – аднак у святле Евангелля веруючым неабходна глядзець на смерць праз прызму праўды Уваскрасення, якая дае надзею на вечнае жыццё.
“З гэтым перакананнем мы, жывыя, ідзём на могілкі, каб памаліцца за чыстцовыя душы, якія самі сабе не могуць дапамагчы, але Касцёл дае такую магчымасць нам. Мы можам атрымаць адпусты, ахвяраваць іх за памерлых і такім чынам дазволіць ім перайсці з чыстца ў неба”, – нагадаў іерарх.
Ён заклікаў вернікаў не змарнаваць гэтай магчымасці, каб міласэрны Бог адарыў нашых памерлых радасцю вечнага шчасця ў небе.
Пасля Імшы адбылася жалобная працэсія, на пачатку якой арцыбіскуп эмерыт прыгадаў надпіс на браме адных могілак: “Усё, чаго я дасягнуў у сваім жыцці, дасягнуў дзякуючы таму, што стаяў на плячах свайго таты”. Так, нашыя продкі паклалі падмурак нашаму жыццю, і за гэта мы павінны быць ім удзячныя і маліцца за іх, сказаў іерарх.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі