4 кастрычніка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную супольнасць Маці Божай Анёльскай у Гродне, якая адзначала адпустовую ўрачыстасць у гонар святога Францішка Асізскага.
На ўрачыстай Эўхарыстыі сабраліся шматлікія вернікі, у тым ліку духоўныя сыны і дочкі бедняка з Асізі, якія захацелі ўшанаваць свайго апекуна ў дзень яго літургічнага ўспаміну.
На Імшы біскуп Кашкевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе маладых людзей, адпаведным чынам падрыхтаваных да гэтага пад кіраўніцтвам сястры Валерыі.
Пробашч парафіі а. Сяргей Мігун OFMConv, прывітаўшы ўсіх прысутных, адзначыў, што для францішканскай сям’і літургічны ўспамін бедняка з Асізі – вялікі дзень, калі яго духоўныя сыны і дочкі ўглядаюцца ва ўзор яго жыцця і хочуць нанова запаліць у сабе агонь Божай любові.
Біскуп у гаміліі падкрэсліў, што святы Францішак не перастае захапляць хрысціян сваёй асобай, хоць сённяшніх людзей аддзяляе ад яго немалы прамежак часу – цэлых восем стагоддзяў. Ён захапляе сваім пасланнем, духоўным запаветам, якім з’яўляюцца не толькі яго словы, поўныя веры і Божага духу, але найперш яго цудоўнае, напоўненае Евангеллем, цалкам прысвечанае Хрысту жыццё, дадаў іерарх.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заахвоціў прысутных яднацца з Богам, як святы Францішак. “Чым больш мы з’яднаемся духоўна з Хрыстом, чым больш міру і Божай ласкі будзе ў нашых сэрцах, тым больш любові і дабра мы зможам даць нашым бліжнім”, – сказаў іерарх.
Звяртаючыся да тых, хто прымаў у гэты дзень сакрамэнт хрысціянскай сталасці, біскуп звярнуў увагу, што святы Францішак павінен быць для іх узорам адкрытасці на Духа Святога, уважлівага ўслухоўвання ў Яго голас і поўнай паслухмянасці Яго натхненням.
Біскуп пажадаў ім, каб прыклад святога з Асізі быў для іх “заахвочваннем адмовіцца ад усяго, што аддаляе ад Пана Бога, і шукаць у жыцці найважнейшага: веры і Божай любові”.
На заканчэнне Эўхарыстыі маладыя людзі, якія прыступілі да сакрамэнту канфірмацыі, падзякавалі ўсім, хто рыхтаваў іх да гэтай падзеі. Асаблівую падзяку яны выказалі сястры Валерыі за катэхізацыю, а таксама сваім душпастырам за клопат і духоўную апеку.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Баляслаў Гавецкі