Skip to main content

Імяніны настаяцельніцы правінцыі назарэтанак адзначылі з удзелам іерархаў у Гродне

nazaretanki imeniny 42 кастрычніка, ва ўспамін святых Анёлаў Ахоўнікаў, у гродзенскім касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкім) адбылася святая Імша ў дзень імянін настаяцельніцы Беларускай правінцыі назарэтанак сястры Філатэі Ціхановіч CSFN.

Літургію ўзначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, канцэлебравалі яе біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і некалькі прэзбітэраў. У Імшы ўдзельнічалі сёстры Кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі) і святары, звязаныя з гэтай манаскай супольнасцю.

Арцыбіскуп Кандрусевіч у гаміліі засяродзіў увагу на вучэнні Касцёла пра анёлаў як духаў, у якіх ёсць розум і вольная воля.

Як адзначыў іерарх, той факт, што анёлы ўспамінаюцца ў Святым Пісанні 292 разы, сам па сабе сведчыць пра іх значэнне ў справе як збаўлення, так і жыцця свету. Анёлы з’яўляюцца пасланцамі Бога, якія выконваюць Яго волю і дапамагаюць людзям, і асаблівую ролю ў гэтым пасланніцтве адыгрываюць Анёлы Ахоўнікі, заўважыў арцыбіскуп.

nazaretanki imeniny 1

Іерарх нагадаў, што, паводле св. Гілярыя, анёлы – вочы, вушы, рукі і ногі Бога, а паводле Арыгена, кожнага чалавека суправаджае двое анёлаў: адзін – справядлівасці (Анёл Ахоўнік), другі – зла (д’ябал).

Арцыбіскуп падкрэсліў, што, паколькі ў свеце адбываецца пастаянная барацьба дабра са злом, Бог паставіў побач з намі Анёла Ахоўніка, каб ён бараніў нас і дапамагаў. Паколькі людзі слабыя і самі не змогуць перамагчы злога духа, неабходна карыстацца Божай дапамогай, у тым ліку дапамогай анёлаў, дадаў іерарх.

У канцы Эўхарыстыі біскуп Аляксандр Кашкевіч ад імя ўсіх прысутных выказаў віншаванні настаяцельніцы правінцыі назарэтанак з нагоды імянін, пажадаўшы ёй у выконванні сваёй місіі з даверам прыняць дапамогу Анёла Ахоўніка.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі