Skip to main content

У адпустовую ўрачыстасць у Суботніках шматлікія вернікі ўшанавалі Маці Божую Ружанцовую

adpust subotniki 5Ушаноўваць у першую нядзелю кастрычніка Маці Божую Ружанцовую – шматгадовая традыцыя ў парафіі святога Уладзіслава ў Суботніках (Іўеўскі дэканат). Не стаў выключэннем і гэты год.

Па ўспамінах святароў парафіі, за апошнія дзесяцігоддзі ў дзень адпустовай урачыстасці нават надвор’е было спрыяльным, дазваляючы вернікам з ружанцамі ў руках абыходзіць святыню ў эўхарыстычнай працэсіі.

На сёлетняй урачыстасці сабралося шмат вернікаў. Пробашч парафіі кс. Аляксандр Лебядзевіч на пачатку адпустовай святой Імшы прывітаў усіх прысутных.

Цэлебрацыю ўзначаліў кс. Уладзімір Марушэўскі, хрыстусовец, які паходзіць з суседняй парафіі святога Мікалая ў Геранёнах, а зараз служыць у Мінску. У гаміліі святар з дапамогай дзяцей і моладзі прадставіў легенду аб паходжанні ружанцовай малітвы, параўнаўшы Ружанец з “салодкім ланцужком, які звязвае чалавека з Богам”, і заахвоціў давяраць Маці Божай усе свае справы.

adpust subotniki 3

Пасля Імшы адбылася эўхарыстычная працэсія вакол святыні. У агароджу касцёла здаўна ўбудаваны каплічкі з выявамі Радасных таямніц Ружанца. Удзельнікі працэсіі спыняліся каля кожнай з каплічак і ў малітве разважалі над адпаведнай таямніцай.

Асаблівую радасць і гонар выклікала ў дзяцей магчымасць узначаліць гэтую прыгожую малітву. Дзяўчынкі ў блакітных накідках сыпалі пялёсткі кветак, ушаноўваючы Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Пры ўваходзе ў святыню заспявалі гімн “Цябе, Бога, праслаўляем”.

adpust subotniki 20

Напрыканцы ўрачыстасці пробашч падзякаваў ксяндзу Уладзіміру за мудрыя словы навукі, а ўсім прысутным – за супольную малітву, і запрасіў вернікаў да ўдзелу ў штодзённых ружанцовых набажэнствах.

Ва ўрачыстасці ўдзельнічалі таксама вернікі іншых парафій, якія, як і мясцовыя парафіяне, вельмі ўшаноўваюць абраз Маці Божай Ружанцовай, размешчаны ў бочным алтары касцёла. Святую Імшу аздабляў спевам парафіяльны хор. Можна было прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання, каб яшчэ раз падзякаваць Богу за дар Найсвяцейшай Маці, якая ніколі не забывае пра сваіх дзяцей.

Прыгожая дэкарацыя Маці Божай і Ружанца будзе аздабляць святыню ўвесь кастрычнік, напамінаючы тым, хто прыходзіць у касцёл, што ружанцовая малітва – не проста традыцыя, а самы кароткі шлях да неба.

Людміла Пясецкая