Skip to main content

У Смаргоні ў юбілей 520-годдзя парафіі св. Міхала Арханёла асвяцілі алтар

altar smorgon 329 верасня смаргонская парафія св. Міхала Арханёла адзначае сваю адпустовую ўрачыстасць. У гэтым годзе ўрачыстасць была спалучана са святкаваннем 520-годдзя з дня заснавання парафіі.

Самым жа важным на сёлетняй урачыстасці было асвячэнне новага эўхарыстычнага алтара смаргонскага касцёла, якое здзейсніў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Апошні асвячаны алтар у гэтым касцёле быў знішчаны атэістычнымі ўладамі пасля Другой сусветнай вайны, таму акт асвячэння новага ахвярніка – асаблівая даніна справядлівасці святыні, якая так шмат цярпела, а сёння, паўстаўшы з руін, узвышаецца над горадам.

Алтар – стол ахвярапрынашэння і гасціны, на якім святар, прадстаўляючы Хрыста Пана, здзяйсняе тое ж, што Хрыстус наказаў рабіць вучням на свой успамін. Паколькі пры алтары ўшаноўваецца ўспамін Пана, а верным удзяляюцца Яго Цела і Кроў, Касцёл бачыць у алтары знак самога Хрыста. Адсюль сцверджанне: “Алтар з’яўляецца Хрыстом”. У касцёле павінен быць толькі адзін алтар, прымацаваны да падлогі і нерухомы. Мэнса – пліта алтара – павінна быць выканана з натуральнага каменю. Над алтаром нельга змяшчаць выявы святых і анёлаў. У яго ўмуроўваюцца рэліквіі святых мучанікаў у знак таго, што ўсе ахрышчаныя ў смерць Хрыста, а найперш тыя, хто праліў сваю кроў за Пана, удзельнічаюць у муцы Хрыста і Яго Найсвяцейшай Ахвяры.

altar smorgon 9

Прысутныя вернікі прывіталі біскупа Юрыя Касабуцкага традыцыйнымі беларускімі хлебам і соллю. Затым пад касцёльнай вежай адбылася малітва асвячэння новай сістэмы званоў, якую вернікі падаравалі касцёлу на юбілей. Узняўшыся на вежу і здзейсніўшы асвячэнне, біскуп тройчы ўдарыў у звон, менаваны ў гонар св. Міхала Арханёла. Пасля прысутныя маглі пачуць радасны перазвон касцёльных званоў.

Урачыстая Імша распачалася ў паўзмрочным касцёле. Поўнае яго асвятленне адбылося толькі пасля кансэкрацыі “сэрца святыні” – алтара. Напачатку іерарх акрапіў святой вадой сцены касцёла, алтар і вернікаў. Потым у гаміліі ён патлумачыў прысутным сімволіку і сутнасць касцёльнага алтара.

Пасля ўсеагульнага вызнання веры распачаўся чын асвячэння алтара. Напачатку прысутныя разам заспявалі Літанію да Усіх Святых, просячы для сваёй парафіі заступніцтва жыхароў Неба. Пасля біскуп уклаў у алтар рэліквіі благаслаўлёнага мучаніка Стэфана Шандора. Чын укладання рэліквій мучаніка стаў паўтарэннем слоў св. Яна Евангеліста з кнігі Апакаліпсіса: “Я ўбачыў пад алтаром душы забітых за Божае слова і за сведчанне, якое мелі”.

altar smorgon 18

Пасля таго, як рэліквіі і капсула з дакументам іх аўтэнтычнасці і актам асвячэння алтара, падпісаным біскупам і пробашчам парафіі, былі замураваныя ў алтар, іерарх прамовіў над ім малітву і намасціў яго каменную пліту (мэнсу) святым алеем. Намашчэнне алтара алеем хрызма, які благаслаўляецца біскупам у Вялікі чацвер, з’яўляецца сімвалам Хрыста, які перад усімі быў намашчаны і гэтак названы. Айцец намасціў Яго Духам Святым і устанавіў Найвышэйшым Святаром, які на алтары свайго Цела прынёс у ахвяру сваё жыццё дзеля збаўлення ўсіх.

Пасля намашчэння на алтарную пліту была пастаўлена кадзільніца з распаленымі вуглямі для акаджэння. Гэта азначае, што ахвяра Хрыста, якая пастаянна ажыццяўляецца ў таямніцы, уздымаецца да Бога як прыемны водар. Гэтым таксама паказваецца, што малітвы вернікаў, поўныя просьбаў і падзякаў, даходзяць да Божага трона. Пасля акаджэння вернікі парафіі накрылі алтар трыма белымі абрусамі, паставілі кветкі і свечкі, якія пад гук званоў былі запалены, і касцёл быў асветлены.

Пасля акту асвячэння алтара была асвячана дубовая алтарная настава з абразом Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, які намаляваў мастак Вячаслаў Аўгусціновіч. Таксама вернікі прынеслі ў дар перад алтаром новую харугву ў гонар Арханёла Міхала.

У канцы Эўхарыстыі адбылася тэафарычная працэсія па вуліцах горада. Потым вернікі, сабраўшыся на касцёльным дзядзінцы, сталі сведкамі асвячэння новай фігуры Арханёла Міхала, усталяванай ля касцёла. Аўтар скульптуры Вадзім Мацкевіч прадставіў Арханёла як пераможнага ваяра Божай любові, які замест зброі трымае ў руцэ харугву-крыж – адзіную зброю вучняў Хрыста.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі