30 верасня, у літургічны ўспамін св. Гераніма, шматлікія ўдзельнікі сімпозіума “Апостальства свецкіх – знак надзеі для Касцёла ў Беларусі”, прысвечанага пастырскаму году свецкіх, іх ролі ў Касцёле і Сіноду біскупаў на тэму сінадальнасці, сабраліся на святой Імшы.
Літургія цэлебравалася ў гродзенскім пабернардынскім касцёле Адшукання Святога Крыжа. Яе ўзначаліў старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, канцэлебравалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч і некалькі прэзбітэраў.
У пачатку Эўхарыстыі біскуп Віцебскі звярнуўся да студэнтаў Вышэйшай духоўнай семінарыі і навучэнцаў Тэалагічнага каледжа імя св. Казіміра ў Гродне, якія ў гэты дзень урачыста распачалі навучальны год.
На парозе новага года здабыцця ведаў і духоўнай фармацыі біскуп заахвоціў іх адкрыцца на дзеянне Духа Святога, каб лепш пазнаць Хрыста, умацаваць сваю веру, любоў да Бога і чалавека, а ў будучыні абвяшчаць Евангелле ў сучасным свеце.
Арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, адказны ў беларускім каталіцкім епіскапаце за справы агульнага пастырства, прамовіў гамілію. Ён адзначыў, што сімпозіум, прысвечаны году свецкіх, невыпадкова быў сумешчаны з урачыстым распачаццем навучальнага года ў гродзенскай семінарыі і тэалагічным каледжы: будучыя святары, катэхеты, касцёльныя спецыялісты і іншыя свецкія вернікі будуць звязаны паміж сабой супрацоўніцтвам.
Арцыбіскуп нагадаў словы св. Гераніма, прэзбітэра і доктара Касцёла, чый успамін адзначаўся ў гэты дзень, што той, хто не ведае Святога Пісання, не ведае і Хрыста. Іерарх дадаў, што гэтыя словы заўсёды будуць актуальнымі, бо без пазнання Хрыста немагчыма быць не толькі святаром ці катэхетам, але і добрым хрысціянінам.
Арцыбіскуп звярнуў увагу, што сучасны свет, з аднаго боку, імкліва секулярызуецца, з іншага – перажывае голад духоўнасці. Дапамагчы ў гэтым якраз і могуць, па яго словах, будучыя святары, катэхеты і іншыя хрысціянскія вернікі.
“Змяняецца рэлігійная сцэна сучаснага свету і таксама Беларусі, на што трэба глядзець не праз ружовыя акуляры, а праз суровую рэальнасць, – адзначыў іерарх. – Так, мы цешымся велічнымі марыйнымі ўрачыстасцямі, якія збіраюць тысячы людзей у Будславе, Тракелях, Гудагаі, Браславе, Лагішыне і іншых санктуарыях. Вельмі часта наша пабожнасць набывае колеры рэлігійнага фальклору без духоўнай глыбіні, што небяспечна, бо траціцца хрысціянская ідэнтычнасць. Акрамя гэтага, штодзённая рэальнасць рэлігійнага жыцця ў час наступаючага лібералізму, секулярызацыі і маральнага рэлятывізму далёка не заўсёды радасная”.
Аднак, па яго словах, трэба памятаць, што гэтыя працэсы – выклік для лепшага пазнання, ачышчэння і паглыблення хрысціянства: “секулярызацыя прадстаўляе нам новыя ўмовы жыцця і працы Касцёла, а таксама новыя магчымасці”.
Арцыбіскуп падкрэсліў, што “сімфонія паміж духоўнымі і свецкімі асобамі – залог поспеху місіі Касцёла на сучасным этапе яго развіцця” і што “духоўныя і свецкія павінны лічыць сябе не супернікамі, а супрацоўнікамі на ніве Панскай дзеля збаўлення чалавека і вырашэння надзённых праблем”.
Іерарх нагадаў, што “кожнаму з нас Бог прызначыў сваю місію, якую мы павінны прыняць з пакорай, не змяняючы Божага плану, не падмяняючы адзін аднаго ў яе рэалізацыі і не займаючы месца Бога”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі