28 верасня ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску адбылася ўрачыстая Імша падзякі Богу за 25 гадоў пастырскага служэння біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі.
Сярод удзельнікаў літургіі, якую ўзначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч, было шматлікае духавенства Гродзенскай дыяцэзіі на чале з біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам.
Пасля Эўхарыстыі біскуп Кашкевіч ад імя духавенства і вернікаў дыяцэзіі выказаў віншаванні юбіляру, пажадаўшы яму шчодрых Божых дароў, а найперш здароўя, неабходнага ў штодзённым пастырскім служэнні.
Сённяшні пастыр Пінскай дыяцэзіі распачынаў сваё біскупскае служэнне 25 гадоў таму ў Гродне. 4 ліпеня 1998 г. дэкрэтам Святога Айца Яна Паўла ІІ ён быў прызначаны дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі.
Пасвячэнне новапрызначанага біскупа адбылося 29 верасня 1998 г. у Гродне. Галоўным пасвячаючым быў кардынал Казімір Свёнтэк, тагачасны арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі і Апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі.
З 1998 па 2004 г. біскуп Антоні Дзям’янка з’яўляўся генеральным вікарыем Гродзенскай дыяцэзіі, пробашчам катэдральнай парафіі і рэктарам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Сatholic.by