16 верасня ў вёсцы Несутычы Навагрудскага раёна была ўрачыста адчынена і асвячана капліца Святога Крыжа. Асвячэнне здзейсніў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.
Прыдарожная капліца Святога Крыжа пабудавана ў XVIII стагоддзі ў стылі барока.
На Імшы, якая папярэднічала асвячэнню, біскуп адзначыў, што такія прыдарожныя капліцы аб’ядноўваюць людзей дзвюх асноўных канфесій нашай краіны – католікаў і праваслаўных – нягледзячы ні на якія гістарычныя падзеі.
Пасля Эўхарыстыі іерарх асвяціў капліцу і вельмі адметнае ўкрыжаванне, якое перажыло грунтоўную рэстаўрацыю. У канцы ўрачыстай падзеі пробашч навагрудскай парафіі св. Арханёла Міхала кс. доктар Юрый Жэгарын уручыў граматы-падзякі ўсім, хто дапамагаў у аднаўленні сакральнага барочнага аб’екта.
Свята аздабляў спевам хор Гродзенскай дыяцэзіі “Cantate Domino”. На ім былі прысутныя прадстаўнікі ўлады Навагрудскага раёна, мецэнаты, мясцовыя жыхары, вернікі з Навагрудка, госці з Ліды, Гродна і Мінска.
Гістарычная даведка:
На карце Навагрудскага павета канца XVI cт. паселішча Несутычы пазначана як шляхецкая маёмасць. Капліца навагрудскай парафіі згадваецца тут з сярэдзіны XVIII cт., драўляны (па XI – мураваны) будынак святыні стаяў на мясцовых могілках. У яе алтары знаходзілася велічнае драўлянае барокавае ўкрыжаванне (магчыма, перанесенае з зачыненага касцёла езуітаў у Навагрудку).
У 1850 г. уладальнік Несутычаў і старшыня навагрудскага межавога суда Пётр Абламовіч згодна з тэстамэнтам свайго брата Адама (+1849) “явил желание перестроить каплицу, чтоб было где служить заупокой”. Пры гэтым адзначаецца, што капліца ўжо як 100 гадоў існуе і што пабудавалі яе не Абламовічы, а, магчыма, Францкевічы, ад якіх маёнтак у 1770-я гг. перайшоў да Абламовічаў. Аднак аднавіць святыню Абламовічам не дазволілі, таму што, паводле цытаты першакрыніцы, “каплица вредна для православия”. Тым не менш святыню ўратавалі ад знішчэння, і яна дзейнічала да Другой сусветнай вайны.
З 2-й паловы XVIII cт. дзейнічае ў Несутычах і прыдарожная каплічка, пабудаваная ў самым цэнтры вёскі, на скрыжаванні. Па задумцы стваральнікаў (мясцовых землеўладальнікаў Абламовічаў, пра што сведчыла мемарыяльная чыгунная пліта на алтарным фасадзе, якая не захавалася) сама капліца з’яўлялася быццам бы алтаром святыні пад адкрытым небам, скляпенні якой стваралі кроны дрэваў, высаджаных як калоны храма, а ўваход быў пазначаны прыступкамі з бутавага каменю. Капліца пабудавана ў стылі барока з цэглы (260-300 х 150 х 55-60) і атынкавана. Гэта невялікае, прамавугольнае ў плане збудаванне, перакрытае цыліндрычным скляпеннем, з курданёрным фасадам, раскрэпаваным пілястрамі і фланкаванае па вуглах круглымі паўкалонамі.
У пасляваенныя гады могілкавая капліца была знішчаная, металічны крыж з яе ўмуравалі пры ўваходзе на могілкі, а велічнае алтарнае ўкрыжаванне – сапраўдны шэдэўр – вернікі перанеслі ў прыдарожную капліцу і ўмацавалі ў алтарную сцяну.
Хоць з пасляваенных часоў сюды не прыязджаў ніхто са святароў і капліца юрыдычна не дзейнічала, мясцовыя жыхары працягвалі наведваць яе. Сведкі таму – ручнікі-аброкі, павязаныя на фігуры Езуса, рэшткі іншага ўкрыжавання, прынесеныя сюды, магчыма, з нейкай іншай зруйнаванай каплічкі ці прыдарожнага крыжа, а магчыма, гэта тое, што засталося ад укрыжавання, якое знаходзілася тут першапачаткова. Сама ж капліца ў Несутычах была амаль у руінным стане – барокавы франтон з крыжам, які некалі ўвенчваў святыню, даўно абваліўся, няма ані вокнаў, ані дзвярэй, вось-вось абрынуцца скляпенні (аднак у 2010-я гг. аконныя праёмы былі зашклёныя, а ў якасці дзвярэй вернікі прымацавалі звычайныя старыя дзверы ад кватэры №15, што, канешне ж, надало святыні нейкай недарэчнасці ў выглядзе).
Улетку 2022 г. з ініцыятывы пробашча навагрудскай парафіі кс. Юрыя Жэгарына пачалося аднаўленне капліцы, фігура Езуса была адпраўлена на рэстаўрацыю. 16 верасня 2023 г. адрэстаўраваная капліца была ўрачыста адчынена і асвячана дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыем Касабуцкім.
Апалінарый Шалімовіч, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Ірына Варкулевіч