У парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Фара) адзначылі адпустовую ўрачыстасць. Перад гэтым, 12-13 верасня, у парафіі традыцыйна адбылося саракагадзіннае набажэнства, з дапамогай якога вернікі рыхтаваліся да ўрачыстасці.
Набажэнства ўзначаліў кс. Вадзім Сурвіла, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Войстаме (Смаргонскі дэканат). На працягу двух дзён святар разам з парафіянамі разважаў пра чынны ўдзел у Эўхарыстыі, якая з’яўляецца крыніцай жыцця.
Скончылася саракагадзіннае набажэнства Крыжовым шляхам, падчас якога вернікі маглі падумаць над тым, як яны нясуць свой крыж у штодзённым жыцці і ці “падпiсваюцца” на “інстаграм” Езуса, якi Ён пакінуў людзям у 14 стацыях.
Парафіяльная ўрачыстасць пачалася апоўначы святой Імшой і працэсіяй з рэліквіямі Святога Крыжа.
Цэнтрам фэсту стала Імша, якую цэлебраваў дапаможны біскуп Маскоўскай архідыяцэзіі Мікалай Дубінін. Удзел у ёй прынялі вернікі парафіі і госці.
У гаміліі біскуп Мікалай разважаў пра Крыж Хрыста як сімвал любові і вернасці. Таксама ён прызнаўся, што лідская Фара з’яўляецца для яго блізкім і родным месцам, дзе ён напаўняецца энергіяй.
На заканчэнне Імшы пробашч парафіі ксёндз канонік Уладзімір Гуляй падзякаваў усім удзельнікам. Пасля адбылася працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам і рэліквіямі Святога Крыжа.
Кс. Раман Вайцяховіч, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Эвяліна Буцько