8 верасня, у свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, у парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў мястэчку Зэльва (Гродзенская дыяцэзія, Слонімскі дэканат) вечныя манаскія абяцанні ў Кангрэгацыі місіянераў клярэтынаў даў семінарыст Дзмітрый Дубай CMF.
Цэлебрацыю святой Імшы, падчас якой адбылося складанне абяцанняў, узначаліў ксёндз Віталій Чабатар CMF, дэлегат правінцыяльнага настаяцеля ў Беларусі.
Ксёндз дэлегат прыняў дадзеныя назаўжды братам Дзмітрыем абяцанні захоўваць евангельскія парады чыстасці, убоства і паслухмянасці, а таксама жыць у супольнасці апостальскага жыцця ў Кангрэгацыі Сыноў Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі (місіянераў клярэтынаў).
У прамоўленай гаміліі ксёндз Віталій Чабатар звярнуў увагу на тое, што прынясенне манаскіх абяцанняў з’яўляецца кансэкрацыяй, гэта значыць ахвяраваннем свайго жыцця на выключную службу Богу. Паколькі місіянеры клярэтыны называюцца Сынамі Беззаганнага Сэрца Марыі, то менавіта ў дзень Яе нараджэння ахвяруюць сваё жыццё Богу, аддаючы сябе на асаблівую службу Марыі. Правінцыяльны дэлегат заахвоціў брата Дзмітрыя памятаць, што як місіянер ён павінен быць гатовым заўсёды вырушыць туды, куды захоча паслаць яго Бог, каб несці Божае Слова.
Пасля гаміліі адбыўся абрад складання абяцанняў, падчас якога Дзмітрый Дубай выказаў гатоўнасць ахвяраваць сваё жыцё Богу. Над кандыдатам была прамоўлена касэкрацыйная малітва, пасля якой ён урачыста даў абяцанні захоўваць чыстасць, убоства і паслухмянасць, а таксама жыць у супольнасці місіянераў клярэтынаў.
Як знак прысвячэння Богу, брат Дзмітрый атрымаў паблагаслаўлёны місійны крыж і быў прыняты ў поўную еднасць з Кангрэгацыяй.
На заканчэнне цэлебрацыі брат Дзмітрый Дубай звярнуўся са словамі падзякі да ўсіх прысутных: родных і блізкіх, да сяброў, да святароў, а асабліва да ўсіх місянераў клярэтынаў, якія нясуць служэнне ў розных мясцінах Беларусі і якія ў гэты дзень сабраліся разам, каб павіншаваць свайго сабрата.