Skip to main content

У вішнеўскай парафіі сужэнцы адзначылі 65 гадоў шлюбу

wisznewa9 верасня ў парафіі святога Юды Тадэвуша ў Вішневе (Смаргонскі дэканат) адбылася вельмі рэдкая падзея. Мар’ян і Яніна Раманчыкі дзякавалі Пану Богу і Маці Божай за 65 гадоў, пражытых у шлюбе.

У парафіяльным архіве нават захаваліся перадшлюбныя абяцанні Мар’яна Раманчыка і яго будучай жонкі Яніны (у дзявоцтве Кімбар), прынесеныя 24 і 31 жніўня і 7 верасня 1958 года.

50 і 60 гадоў шлюбу сужэнцы святкавалі ў парафіяльным касцёле. Цяпер з-за пагаршэння здароўя яны выказвалі падзяку ў Выгалянентах у парафіяльнай капліцы Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных. Абое яны паходзяць з Выгалянентаў, іх дом знаходзіцца каля самой капліцы. Яніна Раманчык доўгі час апекавалася гэтай капліцай, у іх сям’і былі ключы ад яе.

У канцы святой Імшы, на якой сужэнцы-юбіляры дзякавалі за пражытыя ў шлюбе гады, Пану Богу і Найсвяцейшай Панне Марыі была выказана падзяка за апеку над іх сям’ёй, пробашчу парафіі ксяндзу каноніку Антонію Казлоўскаму – за цэлебрацыю Эўхарыстыі, а аднасяльчанам і сваякам – за супольную малітву.

Пра тое, як чатыры гады таму ў Выгалянентах праходзіў фэст, які адзначаецца ў апошнюю нядзелю жніўня, можна прачытаць па спасылцы.