Skip to main content

“Хваліце Бога сваім жыццём”: “Канікулы з Богам” прайшлі ў гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля

dewiatowka ksb 10З 21 па 25 жніўня ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка) праходзілі “Канікулы з Богам”. На летнім адпачынку сабралося шмат дзяцей з гэтай парафіі, праводзіць яго дапамагала цэлая супольнасць аніматараў.

Правадніком для дзяцей у гэтыя дні стаў святы Ян Павел II, які прайшоў вялікі шлях да Апостальскай Сталіцы, стаўшы першым славянскім Папам Рымскім. У час канікул малодшым парафіянам было прапанавана прыгледзецца да прыкладу яго жыцця.

Дзеці былі падзелены на дзевяць груп, у кожнай з якіх было па два-тры аніматары. У групах былі і малодшыя, і старэйшыя дзеці, што дапамагала ім выхоўваць адзін у адным адказнасць і самаарганізаванасць.

На катэхетычных занятках дзеці між іншым знаёміліся з выказваннямi св. Яна Паўла II, адно з якіх – “Хваліце Бога сваім жыццём!”.

dewiatowka ksb 14

Цэнтральнай падзеяй кожнага дня канікул была Эўхарыстыя. Яе цэлебравалі айцы рэдэмптарысты, якія служаць у гэтай парафіі. Таксама быў час на спартыўныя заняткі, на ўдзел у майстар-класах па народных танцах, тэатры, спевах, астраноміі, лепцы з гліны, стварэнні закладак у кнігі, футболе, настольным тэнісе, медыцыне, настольных гульнях, маляванні, працы з дрэвам. Гэта быў выдатны шанц не толькі пазнаёміцца са сваімі талентамі, але і пагутарыць з людзьмі, якія знайшлі свае і навучыліся добра выкарыстоўваць іх.

Як адзначаецца на парафіяльным сайце,  канікулы сталі “перазагрузкай сэрцаў і галоваў” дзяцей, аніматараў, скаўтаў, катэхетаў, законных сясцёр і святароў гэтай парафіі.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі