З 15 па 20 жніўня ў маладой парафіі благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай у Гродне адбыліся летнія “Канікулы з Богам”. Дзеці і моладзь, якія на іх сабраліся, ахвотна правялі час разам у малітве і забавах.
Для разважання на час канікул арганізатары прапанавалі тэму “Будзьце святымі, як святы Я” (Лев 11, 44).
У супольных размовах, на якіх збіраліся ўдзельнікі, між іншым адзначалася, што ў сучасным свеце, часта напоўненым клопатамі і занятасцю, патрэбна сведчанне людзей, якія жывуць згодна з Божымі законамі і ідэаламі.
Таму арганізатары канікул заахвочвалі маладых парафіян шукаць у сваёй штодзённасці Божых шляхоў, каб станавіцца святымі праз добрыя словы і ўчынкі.
У праграме кожнага дня канікул былі канферэнцыя, гульні і забавы. Завяршаўся дзень святой Імшой.
Таксама ў межах адпачынку ўдзельнікі пабывалі на Аўгустоўскім канале, дзе здзейснілі цікавае воднае падарожжа на цеплаходзе.
Канікулы завяршыліся нядзельнай Эўхарыстыяй, якую ўзначаліў пробашч парафіі кс. канонік Юрый Марціновіч. Святар падзякаваў усім, хто прычыніўся да іх арганізацыі, найперш сёстрам Кангрэгацыі Дачок Найчысцейшага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі (сэрцанкі), і тым, хто падтрымаў іх правядзенне матэрыяльна.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі