Skip to main content

У адэльскай парафіі з удзелам арцыбіскупа Кандрусевіча адзначылі дажынкі

dazynki adelsk 319 жніўня ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску (дэканат Гродна-Захад) і філіяльнай капліцы гэтай парафіі Маці Божай Міласэрнасці ў Падліпках адбыліся святыя Імшы з нагоды дажынак. Абедзве літургіі цэлебраваў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.

На пачатку набажэнства адбылася працэсія вернікаў-хлебаробаў з вянкамі сёлетняга жніва, якія благаславіў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Звяртаючыся ў гаміліі да вернікаў парафіі, якая для арцыбіскупа з’яўляецца роднай, ён адзначыў, што з завяршэннем лета завяршаецца і жніво. Кажуць, дадаў іерарх, што хлеб усяму галава, таму пра хлеб неабходна клапаціцца: своечасова абрабіць зямлю, угнаіць яе, пасеяць і сабраць ураджай. Арцыбіскуп нагадаў, што надвор’е ў гэтым годзе не вельмі спрыяла хлебаробам, паўтара месяца не было дажджоў, потым палі заліло, настала моцная спёка, але хлебаробы мужна змагаліся за ўраджай.

dazynki adelsk 5

Іерарх адзначыў, што праца хлебаробаў цяжкая – летам, калі людзі едуць у адпачынак, тыя сядаюць за стырно камбайна, каб своечасова сабраць ураджай, – таму трэба быць удзячнымі ім і маліцца ў іх інтэнцыях.

Па словах арцыбіскупа, дзякуючы іх ахвярнай працы на нашых сталах будзе штодзённы хлеб і да хлеба, дзякуючы ім мы таксама можам мець эўхарыстычны хлеб. “Падчас ахвяравання святар дзякуе Богу за хлеб, які з’яўляецца плёнам зямлі і працы рук чалавека. Гэты зямны хлеб у Эўхарыстыі становіцца хлебам вечнага жыцця. Таму святкаванне дажынак на Эўхарыстыі прадстаўляе гармонію дару зямлі і працы чалавека з аднаго боку і збаўчай ахвяры Езуса – з другога”, – сказаў іерарх.

Арцыбіскуп пажадаў хлебаробам Божага благаслаўлення ў іх прафесійным і духоўным жыцці.

Пробашч парафіі кс. канонік Віктар Мыслюк падзякаваў шаноўнаму госцю за прыбыццё на малую радзіму і за супольную малітву.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі