21 жніўня ў курыі Гродзенскай дыяцэзіі прайшла арганізацыйная сустрэча па пытаннях правядзення канферэнцыі “Апостальства свецкіх – надзея Касцёла ў Беларусі”, якая адбудзецца з нагоды пастырскага года свецкіх і Сінода біскупаў на тэму сінадальнасці.
У сустрэчы ўдзельнічалі, сярод іншых, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, адказны за арганізацыю канферэнцыі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, супрацоўнікі Гродзенскай курыі, кіраўніцтва Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі і Тэалагічнага каледжа імя св. Казіміра ў Гродне.
Канферэнцыя, якая будзе прысвечана ролі ў Каталіцкім Касцёле свецкіх людзей i сінадальнасці, адбудзецца 30 верасня ў будынку семінарыі ў Гродне.
Плануецца, што на канферэнцыі выступяць з дакладамі духоўныя і свецкія асобы з усіх дыяцэзій Касцёла на Беларусі. Даклады будуць прысвечаны, між іншым, значэнню Дэкрэта Другога Ватыканскага Сабора на тэму апостальства свецкіх “Apostolicam actuositatem” i Апостальскай адгартацыі Яна Паўла ІІ “Christifideles laici” для фармацыі свецкіх асобаў, удзелу свецкіх вернікаў у жыцці Касцёла на Беларусі, ролі ў абароне святыняў у часы ваяўнічага атэізму і іх вяртанні.
Таксама плануецца, што прагучаць даклады на тэму фармацыі свецкіх асобаў у Беларусі і іх удзелу ў евангелізацыі ў мясцовых Касцёлах.
Праграма канферэнцыі, якая будзе апублікавана ў бліжэйшы час, уключае дыскусійную панэль і святую Імшу ў гродзенскім касцёле Адшукання Святога Крыжа (пабернардынскі).
У канферэнцыі прымуць удзел студэнты Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі, навучэнцы Тэалагічнага каледжа ў Гродне, выкладчыкі. Запрашаюцца таксама навучэнцы і выкладчыкі Тэалагічнага каледжа ў Мінску і Катэхетычнага каледжа ў Баранавічах і ўсе іншыя зацікаўленыя.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: кс. Юрый Марціновіч